Меркаванне гарадзенца: патрэбна добрая веласіпедная дарожка на Аўгустоўскі канал
Сярод справаў, анасаваных Краўцовым, ёсць будаўніцтва “сапраўднага музея” канала, паляпшэнне работы пункта пропуска на мяжы з Польшчай, а таксама рэканструкцыя дарогі да Сапоцкіна, якая будзе праводзіцца з удзелам сродкаў трансгранічнага праекта. Справа развіцця турызму ў ваколіцах Гродна сапраўды актуальная, таму паспрабуем і мы выказаць некалькі думак.
Будуючы планы па развіццю канала, трэба сыходзіць найперш з таго, што большасць наведвальнікаў будуць турыстамі з Гродна. Можна марыць пра трасу да Аўгустова, пункт спрошчанага пропуску на мяжы і ўсё іншае, але такія рашэнні сёння ніяк не залежаць ад мясцовай улады і знаходзяцца выключна ў кампетэнцыі Мінска. А вось гродзенцам трэба забяспечыць максімальную даступнасць Аўгустоўскага канала. Сёння туды можна даехаць толькі машынай або аўтобусам.
Канал пазіцыянуецца як месца для развіцця турызму, найпеш, зразумела, пешага і веласіпеднага. Менавіта такі турызм звязаны са здаровым ладам жыцця і дзеля яго на канале пастаўленыя спецыяльныя стэнды і намаляваныя веласіпедныя маршруты. Але адразу паўстае пытанне: як пешаму турысту дабрацца да канала? Ісці пехатой трыццаць кіламетраў па трасе, бо аўтобусы і маршруткі да Нямнова і Сонічаў ходзяць вельмі рэдка і зусім нязручна? А веласіпедысты павінны дабірацца да канала таксама па трасе, кожную хвіліну рызыкуючы трапіць пад аўтамабіль?
Пытанне мае толькі адзін адказ – на Аўгутоўскі канал патрэбна паўнавартасная веласіпедная дарожка і ісці яна павінна ўздоўж дарогі ад Ласасянкі праз Рацічы ды Сапоцкін. Толькі гэта павінна быць не намаляваная на асфальце белая палоска, што сімвалізуе аддзяленне трасы ад веладарожкі, а паўнавартасная асфальтаваная сцяжынка, якая дасць магчымасць любому веласіпедысту за 1,5 гадзіны даехаць да канала і за такі самы час вярнуцца назад. Тады будзе сэнс перасякаць мяжу і гасцям з Польшчы і Літвы з веласіпедамі, бо яны спакойна змогуць за дзень наведаць наш цудоўны горад.
Ёсць небяспека, што некаторыя спецыялісты па турызме паспрабуюць прапанаваць веладарожку палямі ды лясамі ад канала да Гродна – напрыклад праз Асташу – Кодзеўцы – Селіванаўцы – Зарачанку. Такія варыянты таксама трэба прапрацаваць, але яны маюць сэнс толькі тады, калі побач будзе паўнавартасная кароткая веладарожка на канал. Тады можна будзе хутка прыехаць хаця б у адзін бок і рэальна планаваць свой час. Падарожжа пясчанымі дарогамі ў два бакі нерэальнае, веласіпедыст у такім выпадку наўрад ці будзе мець шмат сілаў для агляду канала.
Такім чынам, уладам трэба вырашыць, для якіх наведвальнікаў будзе прызначаны канал: для паядальшчыкаў шашлыкоў, якія прыедуць туды толькі на сваіх машынах, але ў прынцыпе могуць паесці іх і на дачы, або для актыўных гродзенцаў, якім маладаступныя нават самыя бліжэйшыя ваколіцы Гродна, бо з горада можна выбрацца толькі па вялікай трасе. Трэба тэрмінова так перарабіць план рэканструкцыі дарогі да Сапоцкіна, каб там з’явілася паўнавартасная веласіпедная дарожка.
На Аўгустоўскім канале прайшоў чэмпіянат па “плаванні на абы чым” (шмат фота)
Фота holiday.by