Крытычная маса блакавала рух на плошчы Тызенгаўза

Традыцыйна ў апошнюю пятніцу кожнага месяца веласіпедысты сусветнага руху “Крытычная маса” праводзяць акцыі ў абарону сваіх правоў. Гэтым разам аматары ровараў збіралі подпісы пад лістом да кіраўніка гарвыканкама Барыса Казялкова. Гарадзенскія веласіпедысты просяць у кіраўніка горада размежаваць пешаходную і веласіпедную зоны на ходніках (калі адсутнічае асобная веласіпедная дарожка, менавіта па іх мусяць ехаць ровары) і абсталяваць велапаркоўкі. У праектах новых аўтатрас раварысты прапануюць адасобіць веладарожкі ад пешаходных і аўтамабільных зон.

 

– Пры разглядзе пытання аб стварэнні веласіпеднай інфраструктуры горада просім Вас улічваць думку гараджан, – пішацца ў звароце да Барыса Казялкова. – З гэтай мэтай неабходна правесці сустрэчу ці шэраг сустрэч для абмеркавання пытанняў, па якіх накірунках веласіпедныя дарожкі будуць найбольш запатрабаваны, з прыцягненнем галоўнага архітэктара горада і дарожных службаў.

 

Нагадаем, на папярэдняй акцыі ўдзельнікі “Крытычнай масы” падпісваліся пад лістом да начальніка ДАІ, патрабуючы дазволу перасоўвацца па праезджай частцы. У мінулым месяцы дарожная аўтаінспекцыя праводзіла прафілактыку ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў. Ахоўнікі бяспекі на дарогах канстатавалі найбольш распаўсюджаную памылку веласіпедыстаў – рух па праезджай частцы пры наўнаўсці ходнікаў. Тады аматары двухкалёснага транспарту масава атрымлівалі штрафы (0,5 базавай велічыні) за язду побач з аўтамабілямі.

Больш здымкаў з акцыі “Крытычнай масы” – у новай серыі фотагалерэі ТС .

Хрысціна Марчук

Фота аўтара