“Каменная кветка” Гальшанаў: калі не адрэстаўраваць, дык хоць бы закансерваваць
Кіраўнік праектнага бюро Беларускага аддзялення ICOMOS Ігар Раханскі прызнае: з гледзішча шырокіх пластоў у Гальшанскім замку за апошнія гады сапраўды нічога кардынальна не змянілася. А вось для вузкіх спецыялістаў могуць уяўляць цікавасць два моманты.
Па-першае, у выніку раскопаў знайшлі невядомыя раней парэшткі галерэі, якая прымыкае да дваровага фасаду — адпаведна, рэканструктарам давядзецца істотна карэктаваць сваю працу. Па-другое, пройдзена дзяржаўная экспертыза будаўнічага праекту рэстаўрацыі Паўночнай вежы — значыць, знятыя бюракратычныя перашкоды, каб весці працы на гэтым замкавым элеменце. Аднак усё разбіваецца аб суровую будзённасць: сродкаў няма ні на далейшае праектаванне, ні на працы па ўзгодненым праекце.
Ігар Раханскі
Апроч таго, як кажа суразмоўца, дагэтуль зацікаўленыя ведамствы не маюць выразнай канцэпцыі выкарыстання ўжо адрэстаўраванага аб’екта:
“Для ўсіх аб’ектаў павінна быць дакладна вызначана: рэстаўрацыя і рэканструкцыя, рэстаўрацыя з прыстасаваннем і г.д. То бок заўсёды ёсць яшчэ адзін нюанс, які ўлічвае, тлумачыць новую функцыю, сучаснае прызначэнне. У Гальшанскага замка гэтага няма. Кансервацыя з фрагментарнай рэстаўрацыяй — і кропка. Гэта няправільна. Што б мы ні рабілі і што ні спрабуем рабіць цяпер, прыходзяць вандалы, усё абдзіраюць, раскрадаюць, паляць, ламаюць. А ўсё таму, што няма сучаснай функцыі, няма гаспадара. Фармальна — сельсавет, але гэта не гаспадар.
Мы разумеем, што гэта недахоп, што гэта няправільна пастаўленая для нас, праектантаў, задача. Таму, пашыраючы акрэсленыя параметры, самі для сябе вызначыліся і, як кажуць, левай нагой чэшучы правае вуха, узялі свой арыенцір: будзем рабіць Гальшанскі замак як парк-музей. Вось такую прыдумалі канцэпцыю. Нягледзячы на афіцыйныя рамкі, у нашым працэсе праектавання прадугледжваем сучасныя функцыі — парк-музей. Калі праект спрацуе, будзем лічыць, што ўсё зрабілі правільна. А пры выкананні задачы індыкатарам якасці паставілі сабе наступнае: калі па паркавай тэрыторыі пачнуць гуляць мамачкі з вазкамі — значыць, парк адбыўся. Такі вось індыкатар, які самі сабе і прыдумалі”.
Гальшанскі замак быў узведзены на загад Паўла Стэфана Сапегі чатыры стагоддзі таму — каля 1610 году. Нягледзячы на атрыманую ад сучаснікаў красамоўную назву “Каменная кветка”, выконваў ён збольшага транзітныя функцыі — тут прадстаўнікі сям’і спыняліся на шляху да еўрапейскіх сталіц.
Тым не меней, сцвярджаюць даследчыкі, другаснасць палаца не адбілася на багацці яго вонкавага і ўнутранага аздаблення — тут была ляпніна на столі і камінах, падлога з тэракотавых плітак, кафляныя печы. Жывапісную калекцыю, унікальную бібліятэку і выставу зброі дапаўняла апошняе слова тагачасных тэхналогій — сістэма ацяплення, водаправод і каналізацыя (не ўсе гальшанцы могуць пахваліцца іх наяўнасцю і ў ХХІ стагоддзі).
За сваю багатую гісторыю замак аброс шматлікімі легендамі, адпаведна, адна з задач рэстаўратараў — адаптаваць помнік пад сучасныя патрэбы, увесці ў культурны абарот. А з гэтым, кажа Ігар Раханскі, вялікія праблемы:
“Тут неабходна ўдакладніць: у нас самыя вялікія праблемы ўзнікаюць, як бы гэта лепш сказаць, у працэсе кампіляцыі. То бок пры далучэнні на ўзроўні праектна-каштарыснага камплекту той часткі дакументацыі, якая адказвае за новае прызначэнне аб’екта, а таксама той, якая адказвае за рэстаўрацыю, то бок за захаванне старой формы. Вось менавіта на сутыку гэтых дзвюх асобных частак праекта, як на мой погляд, і паўстаюць найбольш складаныя пытанні”.
Ці вырашальныя такія пытанні ў прынцыпе? Як сведчыць практыка, для бальшыні гістарычных аб’ектаў палацавага фармату — за выключэннем хіба камерцыялізаванай звязкі Нясвіж-Мір — функцыянальнае прызначэнне ў сучасных умовах зусім не акрэсленае. Гэта яскрава бачна на прыкладзе мясцін, якія, адрозна ад Беларусі, не з нацяжкай, а ўпэўнена можна называць “краінамі замкаў”. Прыкладам, у аналагічнай па колькасці насельніцтва і ўтрая меншай тэрытарыяльна Чэхіі з нерухомай спадчынай фактычна няма праблем: амаль кожны замак жылы, і руплівы гаспадар папросту не дазволіць яму ператварыцца ў руіну:
“Скажам так, у іх меней праблем, гэта факт. Але я перакананы, што з улікам мясцовай спецыфікі праблемы ёсць у любой краіне. І традыцыйная для ўсіх праблема — сумясціць сучаснае і мінулае. Вось гэта самая вялікая складанасць у рэстаўрацыі. Замірыць іх — той час і гэты. Безумоўна, усе пытанні вырашальныя. Толькі бяда ў тым, што ў нас не могуць граматна вызначыць сучасную функцыю таго ці іншага гістарычнага аб’екта.
То бок з рэстаўрацыяй больш-менш усё зразумела: ёсць адмыслоўцы, ёсць пазіцыя Міністэрства культуры (не самая горшая). А як даходзіць да асновы, прызначэння — адразу ступар, у гэтым амаль ніхто нічога не разумее. Іншымі словамі, як правільна надаць аб’екту новае прызначэнне, якое павінна быць ранжыраванне такіх прызначэнняў?
Трэба заявіць дзве рэчы. Першае: найбольш прыярытэтным у нашай краіне павінна быць вяртанне гістарычнай функцыі. Другое: калі нельга надаць гэтаму аб’екту гістарычную функцыю, то хоць бы прыкамандзіраваць да яго гаспадара”.
Наступныя пасля Сапегаў гаспадары Гальшан не здолелі годным чынам распарадзіцца архітэктурнай спадчынай, і да нашых часоў замак дайшоў у вартым жалю выглядзе. Але калі “рамонт” знакавага аб’екта і надалей будзе суправаджацца канцэптуальнымі разыходжаннямі ды татальным безграшоўем, праблемай №1 стане непазбежны фінал — захаваць старадаўнія муры хоць бы ў цяперашнім выглядзе, не замахваючыся на аднаўленне архітэктурных элементаў і размяшчэнне музейнай экспазіцыі:
“Зноў жа, Гальшанскі замак. Фармальна пры замку павінен быць граф. Граф’ёў у нас няма. Значыць, гістарычную функцыю як рэзідэнцыю магната аднавіць немагчыма. Прабачце. Як правіла, апускаецца рангам ніжэй — музей. А дзе браць экспанаты? Дык усё ж музей ці штосці іншае? Чаму тады не сумяшчэнне функцый, як у Белым доме? Сцяг узнялі — рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША. Сцяг апусцілі, прэзідэнт сышоў — цяпер гэта музей, па якім водзяць і паказваюць. Прыкладна тое ж у Крамлі — сумяшчэнне функцый.
Палац і кароўнік – несумяшчальнае суседства
У нас гэтыя пытанні не асэнсаваныя, не прапрацаваныя і не даведзеныя да канкрэтных нарматыўных дакументаў, якімі карыстаюцца праектанты. Таму ўзнікае канфлікт на сутыку раздзелаў — рэканструкцыі і рэстаўрацыі, як яны называюцца ў афіцыйных паперах. Не блытаць з навуковай рэканструкцыяй, якую ў Гальшанах рабіў Сяргей Верамейчык — маляваў эскізы, у Нясвіжы робіць Мікалай Волкаў. Гэта іншае, навуковы бок. А юрыдычная тэрміналогія — рэканструкцыя, наданне новай функцыі аб’екту — вось тут самыя вялікія праблемы неразумення”.
Вобразы Гальшанскага замка ў малюнках мастака-рэстаўратара Сяргея Верамейчыка
Кіраўнік праектнага бюро Беларускага аддзялення ICOMOS Ігар Раханскі выказвае меркаванне, што Гальшаны наўрад ці стануць узорам для пераймання ў справаздачах дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі” (дарэчы, яе дзейнасць разлічана да 2018 году). Прынамсі, сацыяльная нагрузка авеянага легендамі “чорнага замку” мінімізаваная адпачатку. Нават нягледзячы на тое, што ў сваёй працы праектанты актыўна задзейнічаюць гуманітарныя ноў-хаў:
“Насамрэч я ведаю, што мы малайцы, ведаю (смяецца). Я ўвогуле пра іншае кажу, пра рэальны прыклад: нідзе парк-музей у заданнях не фігуруе, індыкатар мамачак з вазкамі не прапісаны. Нідзе гэтая сацыяльная функцыя афіцыйна не зарэгістраваная. І калі мы будзем слепа кіравацца спушчанымі дакументамі і працэдурай узгаднення-зацвярджэння, там атрымаецца абсалютна не тое, бо, паўтаруся, сацыяльная нагрузка ўвогуле не прадугледжана.
Слухайце ўважліва: кансервацыя з фрагментарнай рэстаўрацыяй. Груба кажучы, кансервацыя — гэта гідраізаляцыя капілярнага падсосу і накрыццё ад атмасферных ападкаў. То бок шапка і боты — вось што такое кансервацыя. Фрагментарная рэстаўрацыя — ну, умоўна кажучы, дзесьці вежу адновім на ўзор 1812 году, дзесьці, магчыма, печ збудуем. То бок фрагментарна ў гэтых руінах нешта зробім, адрэстаўруем — пад дахам у добрых галёшах. Вось і ўсё, што мы павінны зрабіць, разумееце? У афіцыйным заданні гаворка нават не ідзе пра экспазіцыю. Іншымі словамі, чыста тэхнічныя пытанні. І як гэта ўсё потым прад’явіць соцыуму — пытанне няпростае”.
Пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай Сапегі ў Гальшаны больш не наведваліся. “Каменная кветка” пераходзіла з рук у рукі, пакуль канчаткова не звяла. Пачатак маштабнаму руйнаванню замка пры канцы ХІХ стагоддзя паклаў расійскі памешчык Гарбанёў: падрываў вежы, сцены ды зарабляў на продажы цэглы мясцоваму люду. Тым не менш да прыходу ў 1939 годзе бальшавікоў у рэштках замка жылі з дзясятак сем’яў. Але за саветамі ўсялякі напамін пра буржуазныя замашкі быў вынішчаны, а цэгла-“пальчатка” сярэднявечных майстроў пайшла на калгасныя патрэбы. Культурны слой канчаткова сышоў у нябыт, калі побач збудавалі кароўнік і выкапалі сіласныя ямы.