“Восем жанчын”, якія кахаюць”: навучэнцы тэатральнай студыі “Універсітэту Залатога Веку” прадставілі новы спектакль

|

Інтрыга на працягу ўсяго дзейства, эмацыйная напруга, бліскучае выкананне роляў і заслужаныя апладысменты ды кветкі – гэта ўсё пра прэм’еру новай пастаноўкі тэатральнай студыі для сталых людзей, якая дзейнічае ў Гродне.


Пастаноўка па п’есе Рабера Тама “Восем жанчын, якія кахаюць” была прадстаўлена 28 студзеня.

 

Нягледзячы на хваляванне, кожная з акторак, якія былі на сцэне (а сярод іх былі і тыя, хто толькі сёлета пачаў наведваць курс акторскага майстэрства) справілася са сваёй роляй на выдатна.

 

Кіраўнік тэатральнага калектыву УЗВ рэжысёр Васіль Калач пасля спектаклю прызнаўся, што моцна ўражаны выступам калектыва:

 

 – Я не чакаў такога выніку, такога натхнення ад іх. Яны зрабілі паўнавартасны спектакль, які можна паказваць гледачу на любой сцэне.

 

Уражаннямі ад падзеі падзялілася і Лілія Грыгарук (на здымку ніжэй), якая толькі што адгуляла адну з роляў у пастаноўцы:

 

– Мы вельмі хваляваліся, бо спектакль вельмі складаны: шмат тэксту ды і памяць у нас не вельмі добрая ўжо. Але, думаю, мы справіліся са сваёй задачай на 90% і я вельмі задаволеная!

 

Пра аграмадную эмацыйную і фізічную напругу кажа і Лідзія Бяганская (на здымку ніжэй злева) і дадае:

 

– Сёлета да нас далучыліся новыыя студэнты, якія сёння ўпершыню былі на сцэне, і, як вы бачылі, выдатна з усім справіліся. Дзякуй вялікі нашаму кіраўніку, які так творча і натхнёна працуе з намі!

 

Не першы ўжо раз выступае на сцэне Ганна-Галіна Гапоненка (на здымку ніжэй злева):

 

– Мы вельмі стараліся! Усе выклаліся на 100%. Ёсць людзі, якія проста неверагодна раскрыліся: такія яркія эмоцыі, павароты лёсу. У нас атрымаўся выдатны акторскі ансамбль і гэта нашая агульная заслуга!

 

Па словах кіраўніцы праграмы “Універсітэт Залатога Веку” Ланы Руднік, ужо зараз ёсць дамоўленаць пра тое, што спектакль будзе паказаны яшчэ на некалькіх пляцоўках у горадзе.

Праграма “Універсітэт Залатога Веку” дзейнічае ў Гродне з 2010 г. Яе студэнты (сёлета гэта каля 200 чалаве) маюць магчымасць наведваць больш як 30 курсаў і клубаў.

 

Студыя акторскага майстэрства пад кіраўніцтвам вядомага многім гарадзенцам рэжысёра Васіля Калача прауе тут ужо трэці год. 

 

Фота Рона Сольфа

 

Праект “Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз адукацыю, актывізацыю і валанцёрскую дапамогу” рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” і прафінансаваны Фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” (EVZ) у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”. Арганізатар праграмы ў Беларусі – міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне”.

Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.