Без рамонту былая бальніца на Васілька можа хутка ператварыцца ў руіны

|

Гэты будынак гродзенцы добра ведаюць, бо ўжо шмат гадоў там размяшчаецца стацыянар скурна-венералагічнага дыспансера. Некалі фраза “паехаць на Чапаева” мела асаблівы сэнс, бо разумелася, што чалавек “падхапіў” нешта непрыемнае ад пабочнай інтымнай сувязі. Цяпер гэты будынак ужо па вуліцы Васілька пужае не столькі зместам, колькі сваім знешнім выглядам. І звонку і ў двары ён выглядае так, быццам час у ім спыніўся. Супаставіўшы здымкі 2008, 2013 і 2016 гадоў, бачна, як актыўна ідзе працэс разбурэння ляпніны на доме. І ўсё гэта адбываецца па банальнай прычыне – амаль не функцыяныянуе сістэма зліву з даху.

 

2008

 

2013

 

2016

 

 

Будынак гэты не самы стары, але каштоўны. Яго пабудавалі літаральна за некалькі гадоў да Першай сусветнай вайны. Тады акурат была мода на дэкараванне жылых будынкаў ляпінай і акурат тады пачалі выкарыстоўваць “аблегчаную” цэглу са спецыяльнымі квадратнымі адтулінамі. Такую цэглу добра бачна ў тых месцах, дзе цалкам адвалілася ляпніна.

 

 

Знакамітым гэты будынак стаў у другой палове 1920-30-х гг., калі тут адчыніў сваю клініку Грыгорый (Гірш) Варашыльскі, вядомы гродзенскі гінеколаг-акушэр. Тады гэты будынак выглядаў куды больш прыстойна і акуратна. Многія гродзенцы ведаюць унука Грыгорыя Варашыльскага, Фелікса Варашыльскага, кардыёлага-анастэзіёлага з Гамбурга, які збірае гродзенскія паштоўкі. Дзякуючы яго ахвярнай рабоце мы можам уявіць сабе наш горад такім, якім ён быў сто гадоў таму або нават болей.

 

Дом Варашыльскіх па вуліцы Рыдза-Сміглага 8 (цяпер вуліца Васілька), 1930-я гг.

 

Варашыльскія каля свайго дома

 

 

Апошнім часам ходзяць чуткі, што стацыянар дыспансера плануецца перавесці ў былую чыгуначную бальніцу на вуліцы Будзёнага. Дарэчы, гістарычная частка гэтай бальніцы таксама знаходзіцца не ў самым лепшым стане.

 

 

Зразумела, што ніхто не збіраецца сур’ёзна раматанаваць установу аховы здароўя напярэдадні яе пераезду ў іншае месца. Але гэтае “напярэдадні” ў нашых умовах звычайна расцягваецца на дзесяцігоддзі, чаму яскравым прыкладам можа быць пачатак аднаўлення Старога замка, які хутка абяцаюць пачаць ужо цягам дзясятка гадоў. Таму можа лепш зрабіць хаця б касметычны рамонт гэтага будынка, каб прыпыніць працэс ягонага разбурэння.