Пры рэканструкцыі будынка ў Гродне рабочыя знайшлі скарб з залатых манет

Знаходку выявілі 5 лютага пры разборы ўнутранай сцяны будынка: пад велізарным каменем у нішы быў закапаны гліняны гаршчок з залатымі манетамі і пярсцёнкам. Манеты рознай вартасці – 8 штук па 10 рублёў і тры – па пяць. На ўсіх адчаканены профіль Мікалая II.

 

 

Як распавёў старшыня ГА “Беларускае нумізматычнае таварыства” Віктар Какарэка, такія залатыя манеты былі ў звароце ў Гродне аж да нямецкай акупацыі. У гэтым квартале апошні скарб быў знойдзены ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. На думку суразмоўцы, гэта зберажэнні нейкай габрэйскай сям’і, якая жыла ў гэтым доме і прыхавала скарб у час Другой сусветнай вайны.

 

Знаходка ўяўляе пэўную цікавасць і ў матэрыяльным плане – кожная з залатых манет ацэньваецца калекцыянерамі ў кругленькую суму.

 

 

Уладальнік дома Валянцін Быкоўскі, які набыў будынак з аўкцыёну ў 2012 годзе і рэканструюе яго пад гандлёва-офіснае памяшканне, расцэньвае знаходку як добры знак:

 

– Будынак стаіць на скарбе, упэўнены, што мае ўкладанні прынясуць прыбытак, – кажа ён з усмешкай.

 

Пакуль работы па рэканструкцыі будынка прыпыненыя, знаходку апісалі, каб далей перадаць музейным работнікам.

 

Фота Віталя Дзярнейкі