Як адзінокім перажыць Дзень святога Валянціна?

Сумуеш, бо надыходзіць дзень закаханых і табе няма з кім правесці дзень, вечар, ноч? Дзелімся некалькімі думкамі пра тое, чаму ты дарма хвалюешся і як прыемна правесці гэты дзень самому.


Каханне і рамантыка – зусім не абавязкова

 

Канешне, сэрцайкі і пацалункі – прыемна, але дакладна не тады, калі гэта абавязкова, калі нас імі літаральна бамбяць. Значыць – не ў дзень святога Валянціна.

 

 

Каб пайсці на спатканне з каханай дзяўчынай у рэстаран на Эйфелевай вежы 14-га лютага, і каб дакладна знайшлося месца, трэба гэта запланаваць за два гады. Табе ўсё яшчэ здаецца гэта рамантычным? Калі ў цябе акурат не атрымалася сустрэць чалавека, які запрасіў схадзіць у кіно ці кавярню з нагоды Дня святога Валянціна, – не журыся. Каханне і рамантызм, у той ці ў іншы дзень, гэта не абавязкова.

 

Адзіноцтва можа быць пазітыўным

 

Нам пастаянна кажуць, што праз жыццё трэба ісці ўдвох, што ў нейкім узросце мы павінны выйсці замуж ці ажаніцца, а потым – нарадзіць дзіця або трох. Такі ўзор ладу жыцця нам часта перадаюць нашыя бабулі і бацькі. Трэба аднак памятаць, што ўсё гэта – не норма.

 

Мы не павінны наладжваць адносін толькі таму, што спяшаемся. Для сапраўднага кахання да другога чалавека нам трэба зразумець саміх сябе – нашыя чаканні, жаданні, шлях, па якім хочам ісці праз жыццё.

 

 

Быць адным – гэта час на самаразвіццё, які можна выкарыстаць, каб паклапаціцца пра сябе. Не без прычыны пасля расстання мы дыхаем глыбока і здзіўленыя назіраем, як шмат нам хочацца, колькі ў нас часу і колькі мы хочам і можам зрабіць. Дзень святога Валянціна гэта акурат момант, калі мы можам пра гэта ўсё падумаць – сваё “адзіноцтва” ператварыць у нешта пазітыўнае, а не пакутаваць.

 

Сядзець пад коўдрай і глядзець “Сэкс у вялікім горадзе”?

 

Канешне, шмат каму цярпець падабаецца – нават, калі гэта не мае сэнсу. У такім выпадку можна параіць шмат чаго – паслухаць сумную музыку, праглядзець усе рамантычныя камедыі ці сезон “Сексу ў вялікім горадзе”, пасядзець у цёплых шкарпэтках або пад коўдрай, есці адмыслова прыхаваныя да гэтай нагоды шакаладкі, дарыць падарункі самому сабе і марыць, каб іх падарыў нехта іншы, не выходзіць з хаты, каб не бачыць усіх гэтых закаханых людзей, проста патануць у пакутах…

 

 

Табе ад гэтага стане лепш? Я ведаю – ты ўжо перадумаў – мучацца не будзеш.

 

Ціск наваколля не дапаможа выбраць правільна

 

Чаму няма прычыны хавацца пад коўдрай? Таму што Дзень святога Валянціна такі самы, як кожны іншы, бо закаханы чалавек кахае ў кожны дзень года, не толькі ў гэты канкрэтны. Ты з самім сабой – таксама 365 дзён у годзе. На працягу іх трэба памятаць, што ў нас саміх – асноўная сіла.

 

 

Наш свет не павінен факусіравацца на тым, каб знайсці другую палоўку. Яна знойдзецца ў адпаведны момант, адпаведны час. Проста прыйдзе і ты дакладна гэта зразумееш, калі яе ўжо сустрэнеш. Не варта ладзіць адносін, у якіх некамфортна. Ціск атмасферы і людзей навокал не дапамогуць выбраць правільна.

 

Падаруй сабе час з самім сабой

 

Калі вакол усё насычана ружовым колерам – сфакусіруйся на сабе. Акурат у гэты дзень можна паразважаць пра каханне. Падумай пра тое, што было – не перажывай, проста пастарайся разглядзець мінулае каханне. Калі нешта не атрымалася – значыць так і павінна быць. Ты ж не хочаш быць з чалавекам, у якім бачыў нейкія дрэнныя рысы, з якім не мог жыць ці які здрадзіў. У цябе ёсць нагода каб усё прааналізаваць і даведацца, чаго хочаш ад сапраўднага кахання.

 

Закахайся ў сабе і падаруй сябе прыемны час з сабой – выспіся, завары смачную каву з раніцы, добра паабедай, пашпацыруй і насалоджвайся тым, што вакол.

 

 

Гэта таксама добры дзень, каб пачаць займацца самаразвіццём, бо найважнейшы чалавек у тваім жыцці – гэта ты. Не забывай пра яго, пра тое, каб ён станавіўся больш мудрым, больш зрэлым. Пачытай кніжку, запішыся на анлайн-курс, пашукай новыя магчымасці для самаразвіцця.

 

Адзінокі – не значыць горшы

 

Сёння нашмат цяжэй наладзіць адносіны, чым калісьці – табе толькі здаецца, што ў гэты дзень закаханыя ўсе навокал, апрача цябе. Гарантую, што калі пойдзеш увечары 14-га ў паб – ты не будзеш там адчуваць сябе адзінокім, а проста пабудзеш між людзьмі. Сёння ўжо нікога не павінна здзіўляць тое, што ты ходзіш у кіно ці кавярню адзін (адна). Калі гэта для цябе прыемнасць – чаму не! Адзінокі – не значыць горшы.

 

 

Канец са штучным рамантызмам, перажываннямі ў кампаніі адзінокіх сяброў. Падумай пра сябе і пачынай жыць поўным жыццём – закахайся ў сабе і не спыняйся. Бо ты той чалавек, з якім дакладна правядзеш усё жыццё.