У Польшчы хвалююцца за лёс Белавежскай пушчы: вырубкі могуць павялічыцца ў пяць разоў

Група каля 100 чалавек падаравала Белавежскай пушчы вялікае сэрца на Дзень святога Валянціна. Арганізатары акцыі – актывісты Greenpeace і Сусветнага фонду дзікай прыроды (WWF). Сваёй акцыяй яны падкрэслілі вагу захоўвання спадчыны пушчы, якой пагражаюць вырубкі.

 

Паводле плану на 2012-2021 гады ліміт на вырубку дрэў выносіць 63,4 тыс. кубаметраў. Але ў канцы 2015 года мясцовае лясніцтва ўвяло дадатак да плану, паводле якога ліміт павялічыўся да 317,8 тыс. кубаметраў.

 

Прэс-сакратар Сусветнага фонду дзікай прыроды Павел Срэдзіньскі падкрэслівае, што вырубка павінна забяспечваць патрэбы мясцовых жыхароў, аднак нельга эксплуатаваць лес занадта. Ён таксама зазначае, што пушчы патрэбная “разважлівая праграма,  якая зможа аддзяліць пушчу ад лесу, які выкарыстоўваецца ў гаспадарчых патрэбах”.

 

Зараз пытанні пушчы рэгулююць законы пра гаспадарчыя лясы і эколагі змагаюцца за тое, каб адносна яе дзейнічалі новыя законы. Ужо больш за 100 тыс. палякаў падпісалі петыцыю “Я люблю Пушчу”, скіраваную да польскага прэм’ер-міністра. Петыцыя падкрэслівае, што Белавежская пушча – унікальная ў еўрапейскім маштабе, яна з’яўляецца домам для мноства жывёл, а таксама апошнім месцам, у якім захаваліся некаторыя віды раслін.

 

Пакуль што на тэрыторыі Пушчы працягваецца інвентарызацыя. 12 лютага намеснік міністра навакольнага асяроддзя і ўпаўнаважаны па справах Белавежскай пушчы паведаміў, што яшчэ няма ніводнага канчатковага рашэння, якое тычыцца высечкі дрэў у пушчы.

 

Гэта не адзіная праблема Белавежскай пушчы, з якой зараз змагаюцца эколагі. Паводле інфармацыі Генеральнага ўпраўлення па ахове навакольнага асяроддзя, у 2016 годзе плануецца адстрэл 35 зуброў. На 2014 год вызначаная колькасць складала 40 жывёл, з чаго адстрэлілі пяць. Рашэнне тычыцца цяжка хворых, параненых ці агрэсіўных жывёл. Паводле эколагаў, такое рашэнне можа прывесці да камерцыялізацыі паляванняў на зубра ў Белавежскай пушчы.