ТРЫВОЖНАЕ ЧАКАННЕ ВЯСНЫ

|

Па сканчэнні мінулага чэмпіянату, у якім каманда заняла 12-е месца, Гродна пакінулі лідэры клуба. Цемнаскуры расеец Аляксандр Алумона перабраўся ў БАТЭ, бразілец Жувенал вярнуўся ў мінскае «Дынама», а мясцовы выхаванец Мікалай Язерскі скіраваўся ў Наваполацк, дзе зараз сабралася цэлая кампанія са «срэбранага» складу «Нёмана» узору 2002 г.: Тарашчык, Сучкоў, Гінтаў ды Ігар Кавалевіч у ролі галоўнага трэнера.

За зіму ў агледзінах у Гродна перабыло пару дзесяткаў футбалістаў з розных куткоў Беларусі, Расіі, Малдовы, Грузіі, Балгарыі ды Ўкраіны, але амаль усе яны не прыйшліся даспадобы трэнерскаму штабу каманды. З вартых увагі набыткаў можна адзначыць толькі вяртанне ў каманду з магілёўскага «Дняпра» Дзмітрыя Раўнейкі (мае ў сваім актыве нават гульні за зб. Беларусі), ды «падпісанне» Махамеда Дзеры з экзатычнага Кот-Д’Івуара. На мінулым тыдні гарадзенцы ўзялі ўдзел у зімовым турніры ў Брэсце, дзе ў чатырох сустрэчах перамаглі толькі аднойчы, ды й то дублёраў мясцовага «Дынама». У каментары для «Прессбола» галоўны трэнер каманды Алег Радушка спісаў няўдачу на тое, што галоўным на турніры быў не вынік, а прагляд патэнцыйных навабранцаў. Але заўзятараў такія словы мала суцяшаюць. Форум афіцыйнага сайту клуба аж кіпіць ад крытычных выказванняў у адрас кіраўніцтва клуба і яго кадравай палітыкі, вынікам якой стала відавочнае зніжэнне якасці гульні каманды і яе пазіцый у беларускім футболе.

У атацы першы сапраўдны афрыканец у гісторыі «Нёмана»

Новы футбольны сезон стартуе ў Беларусі 15 сакавіка. «Нёман» у гэты дзень згуляе ў Мінску першую чвэрцьфінальную гульню Кубка Беларусі супраць МТЗ-РІПА. Чэмпіянат краіны пачнецца 4 красавіка. «Нёман» будзе прымаць на сваім полі гасцей з «Гомеля». Ну а найбліжэйшая таварысцкая гульня з удзелам гарадзенцаў адбудзецца ў суботу, 14 лютага. А 12-й гадзіне нёманцы згуляюць на сваім полі з наваполацкім «Нафтанам». Будзе на каго і на што паглядзець.

Вітаўт РУДНІК

Фота Яраслава Ванюкевіча