Кавалерыйскі рынак у Беластоку мадэрнізуецца і павялічыцца, з’явіцца бясплатная паркоўка
Кіраўніцтва фірмы Lech, уласніка рынка, спадзяецца, што дзякуючы планаваным зменам колькасць пакупнікоў павялічыцца, у тым ліку больш актыўна пачнуць прыязджаць на закупы ўласна жыхары Беластока. Зараз рынак жыве перадусім дзякуючы беларусам – у будні менавіта яны становяць большасць наведальнікаў.
Бясплатная стаянка для прадаўцоў і кліентаў пачне працаваць з 1 сакавіка. Дагэтуль трэба было плаціць 3 злотых за ўезд або купляць абанемент на месяц, які каштаваў 70 злотых. А каб не плаціць за стаянку, трэба было пакідаць машыну за некалькі сотняў метраў ад рынка. Зараз жа даступнымі будуць пяць стаянак – разам 540 месцаў.
Прадстаўнік фірмы Lech Збігнеў Голэмбеўскі лічыць, што гэта прыцягне жыхароў Беластока і Падляшскага ваяводства.
Таксама ў сакавіку будзе абвешчаны конкурс на лепшую канцэпцыю ўзбуйнення і мадэрнізацыі рынка. Зараз ён займае тэрыторыю 8,5 гектараў, плануецца яго пашыранне на наступныя 4 гектары. Конкурс таксама павінен адказаць на пытанне, як зрабіць рынак больш прыцягальным. Магчыма, тут з’явяцца чарговыя гандлёвыя павільёны, а магчыма – пункты паслуг ці абслугоўвання турыстычнага руху. Канцепцыя пашырання будзе стварацца улічваючы меркаванне прадпрымальнікаў, якія зараз працуюць на рынку. Мадэрнізацыя павінна адбыцца цягам бліжэйшых трох гадоў.
Мясцовыя прадаўцы заўважаюць, што з кожным годам наведвальнікаў рынку становіцца менш. Людзі больш ахвотна выбіраюць гандлёвыя цэнтры, таму хуткая мадэрнізацыя можа літаральна выратаваць рынак.
Зараз беластоцкі рынак з’яўляецца найбольшым такога тыпу аб’ектам у паўночна-усходняй Польшчы. Тут працуе каля 1400 прадпрымальнікаў.
Фота: poranny.pl