Празрыстыя домікі і анёлы. Літоўцы прывезлі ў Гродна вітражы і арт- аб’екты са шкла
Працы, прадстаўленыя тут, як кажуць самі майстры, адначасова і скульптура, і арт- аб’ект, і нават інсталяцыя. Кожны прадмет на выставе можна разглядаць вельмі доўга – у сваіх працах літоўскія мастакі вельмі выдатна абыгралі празрыстасць шкла, дзякуючы якой можна зазірнуць ўнутр хатак, кубоў або шкляных масак, а яшчэ здзівіцца мудрагелістым узорам на вітражах.
Экспазіцыя, дзе прадстаўлены некалькі дзясяткаў работ мастакоў з суседняй краіны, прымеркаваная да Дня аднаўлення незалежнасці Літоўскай Рэспублікі. Ён адзначаецца 11 сакавіка і з’яўляецца галоўным дзяржаўным святам краіны-суседкі.
Як кажуць літоўскія мастакі, шкло шматаблічнае і дае магчымасць увесь час прыдумляць нешта новае. А метал, дрэва або камень – усяго толькі дапаможныя матэрыялы, якія дапаўняюць і раскрываюць новыя магчымасці шкла.
У экспазіцыю, якую гродзенцы могуць убачыць да 24 сакавіка, увайшлі вітражы, дэкаратыўнае шкло і творы ўтылітарнага прызначэння майстроў розных пакаленняў, створаныя за апошнія гады.
Саюз мастакоў Літвы і майстры старэйшага пакалення асабліва адзначаюць той факт, што развіццё кірунку мастацкага шкла ў Літве дала практыка літоўскіх мастакоў на базе шклозаводаў Беларусі, у першую чаргу – на шклозаводзе “Нёман”.