Паўстанцкая ноч у Гродне: як сотня гарадзенцаў хацела захапіць цягнік і ўцячы ў Парэчча
У планах – захапіць увесь горад
21 студзеня 1863 года ў Каралеўстве Польскім успыхнула паўстанне за адраджэнне былой Рэчы Паспалітай. У лютым яно паступова пачало распаўсюджвацца і на тэрыторыю колішняга Вялікага княства Літоўскага. Першая нерашучая хваля паўстанцкай барацьбы на Беларусі, ледзь паспеўшы пачацца, была спынена разбіццём атрадаў Сангіна і Рагінскага на Палессі.
Шыльда паўстанцам на чыгуначным вакзале ў Гродне
Але надыходзіла вясна, а з ёю вялікія спадзяванні распачаць барацьбу з новай сілай і ахапіць ёю ўвесь Край. Адным з паўстанцкіх цэнтраў становіцца Гродна, дзе дзейнічала моцная рэвалюцыйная арганізацыя на чале з Кастусём Каліноўскім. А ў некалькіх дзясятках кіламетраў, побач з Саколкай, фарміруецца моцны паўстанцкі атрад на чале з вайсковым начальнікам Гродзенскага ваяводства Ануфрыем Духінскім, штабам якога кіраваў Валерый Урублеўскі.
Менавіта па загадзе апошняга гарадзенская моладзь напачатку сакавіка рыхтуецца ўступіць у шэрагі паўстанцаў. Да горада рухаецца атрад з Лідскага павета пад кіраўніцтвам Людвіка Нарбута. Гарадзенцы павінны былі далучыцца да яго ў раёне чыгуначнай станцыі Парэчча, а затым сумеснымі сіламі паспрабаваць захапіць Гродна.
Чыгуначнікі падтрымалі паўстанцаў
На чыгунку і станцыі паабапал яе ўскладаюцца вялікія спадзяванні. Яе планавалася выкарыстаць для імклівага перакідвання паўстанцкіх атрадаў у ахопленыя барацьбой раёны. Чыгуначнікі выступілі на баку паўстанцаў і актыўна ўступалі ў іх шэрагі. Нягледзячы на тое, што яны былі французскімі падданымі, у пераважнай большасці сваёй гэта былі былыя ўдзельнікі паўстання 1830-1831 гг., вымушаныя выправіцца на эміграцыю, або іх дзеці, народжаныя за мяжой. Як Браніслаў Шварцэ і яго “Беластоцкае кола”.
Вакзал у Парэччы
Распрацоўкай аперыцыі па перапраўцы гарадзенцаў за горад займаўся кіраўнік чыгуначнай станцыі Гродна Леон Кульчыцкі – адстаўны штабс-капітан расійскай арміі, шляхціч з Марыямпальскага ўезда. Часам выправы быў абраны суботні вечар – 14 сакавіка, які выдаўся на дзіва цёмным і дажджлівым. Месцам збору быў прызначаны чыгуначны вакзал.
Зброя: кінжалы, сякеры і нават косы
Каля 8 гадзін вечара ў адрыне, дзе звычайна ставіліся вагоны, побач з вакзалам, пачалі збірацца маладыя людзі з усяго горада. Гэта былі пераважна гімназісты, але былі сярод іх і рабочыя, шляхцічы, мяшчане і сяляне. Як толькі яны ўваходзілі ў адрыну, то адразу атрымоўвалі зброю. Пры чым акрамя стрэльбаў і пісталетаў, раздаваліся кінжалы, сякеры і нават косы. Усяго ў гэты вечар побач з вакзалам сабралося каля сотні гарадзенцаў, якія вырашылі далучыцца да Паўстання.
Пасля загада Кульчыцкага яны пад покрывам ночы групамі пачалі пераходзіць да таварных крытых вагонаў і платформ, прычэпленых да дзяжурнага цягніка. Дзяжурны цягнік заўсёды быў на чыгуначнай станцыі – на ўсялякі выпадак.
Пра план забылі расказаць машыністу
У гэты час ротны камандзір Калужскага пяхотнага яго Вялікасці караля Прускага палка штабс-капітан Макараў аддаў загад вывесці знешніх вартавых для праверкі перыметра чыгуначнага вакзала. Але кіраўнік станцыі Кульчыцкі прапанаваў пашкадаваць салдат, якія яшчэ паспеюць за ноч настаяцца, заўважыўшы, што лепш вывесці іх пазней – перад прыбыццём экстрэннага цягніка з Сафійскім батальёнам. Да таго ж пра гэта будзе дадзена паведамленне з апошняй перад Гродна станцыі. Макараў пагадзіўся і дазволіў Кульчыцкаму самому агледзець ваколіцы.
На станцыі ў Парэччы
Замест гэтага Кульчыцкі выйшаў да вагонаў і, уладкаваўшыся ў лакаматыве, падаў гук свістка як знак да хуткага выпраўлення. Але тут здарылася непрадбачанае. Кульчыцкі забыўся паведаміць пра свой план машыністу Вінтэру. Пачуўшы свісток, той выйшаў на вуліцу, каб пабачыць, што адбываецца і накіраваўся да машыны. Для яго стала сапраўднай нечаканасцю з’яўленне побач трох узброеных стрэльбамі і кінжаламі незнаёмцаў. Адзін з іх увогуле прыставіў да галавы машыніста пісталет і запатрабаваў весці машыну туды, куды яму будзе загадана. Вінтэр не стаў супраціўляцца, але заўважыўшы побач з цягніком свайго памагатага Якімовіча, між іншым сказаў яму толькі адно слова, якому паўстанцы не надалі ўвагі, але якое прадвызначыла далейшы ход падзей. Гэтым словам аказалася “Вагон!”, што было сігналам да адчаплення тых ад лакаматыва.
Вагоны засталіся на месцы
Перад самой адпраўкай цягніка, да яго падышоў качагар і заўважыў у вагонах вялізную колькасць узброенага народа, пра што неадкладна паведаміў ротнаму камандзіру Макараву. Той жа ў суправаджэнні некалькіх салдат выбег на перон і тройчы крыкнуў: “Кто тут? Что за люди?”. Адказам яму былі стрэлы. Да таго ж гімназісты пачалі шпурляць у расійскіх салдат усім, што трапляла пад руку. У выніку ў левае плячо Макарава патрапіў вялізны жалезны вінт.
У гэты момант цягнік тронуўся, але вагоны, адчэпленыя Якімовічам, засталіся стаяць на месцы. Вінтэр выдзыгнуў з лакаматыва, які рушыў у бок Парэчча. Толькі некалькім чалавекам удалося ўратавацца на ім.
Калі прадстаўнікі гарадзенскай моладзі заўважылі, што іх акружаюць рускія салдаты, а вагоны не варушацца, яны кінуліся разбягацца ў розныя бакі і пад покрывам ночы большасць з іх уратавалася ад арышту, пахаваўшыся па кватэрах. Але ненадоўга.
Паўстанцаў выдалі мокрыя чаравікі
Познім вечарам на станцыю прыбыў сам губернатар і распарадзіўся ўзмацніць патруляванне горада, пошук і арышт паўстанцаў. Горад прачэсвалі ў пошуку “мяцежнікаў”. Іх высочвалі па брудных і мокрых чаравіках.
Да арышту былі прыцягнутыя 73 чалавекі. Па дадзеных Івана Будніка, сярод іх было 16 гімназістаў, 1 выключаны з гімазіі, 1 студэнт, 5 аптэкарскіх вучняў, 15 чыноўнікаў, 8 дваран, 2 рабочыя чыгункі, 8 сялян, мяшчане. А каля вакзала была знойдзена кінутая зброя: 13 розных стрэльбаў, 5 пісталетаў, 2 касы, 3 шаблі, 7 сякер, адзін пуд 32 фунты пораху, 10 фунтаў свінцу, 5 фунтаў пістонаў, 10 тапаграфічных карт, папера, медыкаменты, рознае адзенне.
17 верасня 1863 года Начальнік Края Міхаіл Мураўёў падпісаў канфірмацыю, згодна з якой 25 гарадзенцаў за інцыдэнт 14 сакавіка былі высланыя ў Сібір.
Да Парэчча дабралося ўсяго 7-8 гарадзенцаў на чале з Леонам Кульчыцкім, які паспеў з сабою прыхапіць 10 тысяч рублёў з касы таварыства чыгункі. Іх чакаў Баляслаў Нарбут, брат слыннага кіраўніка паўстанцкага атрада – Людвіка. План па мяркуемым захопе Гродна прыйшлося адкласці, а ў хуткім часе атрад Нарбута быў разбіты пад Дубічамі. Леон Кульчыцкі працягваў змаганне, пакуль летам 1863 года не загінуў ад атрыманых падчас шматлікіх бітваў цяжкіх раненняў.