“Да бою!”: Wargaming пераклала “Танкі” на беларускую мову

|

“З’яўленне беларускай лакалізацыі — знак павагі да шматлікай і адданай супольнасці айчынных прыхільнікаў World of Tanks, якіх у Беларусі налічваецца больш за мільён, а таксама яшчэ адзін крок на шляху адаптацыі гульні пад запыты і спецыфіку таго ці іншага рэгіёну”, — адзначаецца ў заяве кампаніі.

 

Цяпер, пачынаючы гульню, танкісты пачуюць заклік “Да бою!”, а за асаблівыя заслугі ў баі змогуць атрымаць добра вядомыя ганаровыя званні ў іх беларускім гучанні: “Ваяр”, “Выведнік”, “Лёсік” і інш.

 

“Беларусь — радзіма World of Tanks, і выхад беларускай лакалізацыі — гэта значная падзея для нас, — кажа продакт-менеджар World of Tanks Максім Чувалаў. — Мы адказна падышлі да гэтай працы, уклалі ў яе душу і спадзяёмся, што беларускія гульцы ацэняць нашы намаганні”.

 

Для таго каб пачаць гуляць у “Танкі” па-беларуску, неабходна спампаваць абнаўленне 9.14, папярэдне абраўшы ў моўным меню лончара беларускую мову.

 

На сёння “Танкі” перакладзены на 39 моваў. У абнаўленні 9.14 побач з беларускай таксама з’явяцца ўкраінская і казахская версіі гульні. Акрамя таго, у 9.14 былі істотна дапрацаваны фізіка і гук, дадалося больш за 20 танкаў у HD-якасці, а таксама зроблены некаторыя паляпшэнні інтэрфейсу гульні.

 

dev.by