«ПОДРУЖКА» ЗА 3500

|

А затым прыйшла прапанова патэлефанаваць на «Жаночую лінію» ды павучыцца рабіць свой дом утульным. Нядорага, усяго за 3500 ў хвіліну…

Тэлефанаваць я не стаў, бо грошы ўсё ж не лішнія, ды й патрэбы вострай у флірце няма. Замест гэтага вырашыў высвятліць найбольш папулярныя спосабы выманьвання грошай у празмерна цікаўных і даверлівых абанентаў у Беларусі і суседніх краінах.

Спосаб першы: скарыстайся «Подружкой»!

Ваш мабільны аператар прапануе платныя паслугі «Подружек», «Женских линий», «Территорий моды» і г.д. Хвілінная размова з аператаркамі, якія абслугоўваюць гэтыя ліні, абыйдзецца ў 3,5 тысячы без уліку падаткаў.

Спосаб другі: будзь часцей у роўмінгу!

Беларусы, якія знаходзяцца за мяжой і карыстаюцца роўмінгам, плацяць нават за «адкінутыя» тэлефанаванні. Гісторыямі пра выпадкі, калі чалавек губляў грошы, хоць не размаўляў аніводнай секунды, поўніцца байнэт.

Спосаб трэці: выйграй «Акцыю»!

Вам тэлефануе «прадстаўнік» мабільнай кампаніі ды паведамляе, што вы ў нейкай акцыі выйгралі найноўшую «мабілку». Каб атрымаць яе, дастаткова выслаць код папаўнення рахунку на нумар «аператара»!

Спосаб чацьвёрты: калі ласка, ператэлефануйце!

Вельмі папулярнае ў свой час «кідалава» на Украіне. Вам прыходзіць смс, у якой паведамляецца пра выйгрыш прыза і ўтрымліваецца просьба ператэлефанаваць. Вы ператэлефаноўваеце, пачынаеце размаўляць, а затым размова перарываецца, бо ў вас скончыліся грошы. Схема працуе так. Махляры замаўляюць сабе кароткі платны нумар і ўсталёўваюць плату за злучэнне з ім у памеры 3-5 даляраў за хвіліну. Пасля бяруць звычайны нумар любога аператара і робяць пераадрасацыю на кароткі нумар.

Спосаб пяты: ператэлефануйце-2

Працуе аналагічна, але без выкарыстання смс. Вам кідаюць «глухара». Вы ператэлефаноўваеце і … губляеце свае грошыкі, бо плаціце за спробу злучэння з платным нумарам.

Спосаб шосты: дайце затэлефанаваць!

Да закаханай пары, якая мілуецца на лаўцы ў цэнтры Кіева, падыходзіць сціпла апранутая бабуля ды просіць дазволіць ёй скарыстацца на хвілінку з тэлефону маладзёнаў. «Не бойцеся, дзеткі, я не збягу – кажа бабуля, – калі не давяраеце, можаце самі нумар набраць». Хлопец з дзяўчынай так і робяць. Набіраюць нумар раз – доўгія гудкі, але ніхто не адгукаецца. Другі – тое ж самае. Пасля трэцяй спробы бабуля дзякуе ды ідзе сваёй дарогай. А закаханыя тым часам застаюцца без грошай, бо тэлефанаванне было на платны нумар, а доўгія гудкі – запіс на аўтаадказчыку!

Спосаб сёмы: халява!

У інтэрнэце можна сустрэць абвесткі пра продаж праграмкі, якая перапраграмуе ваш мабільнік такім чынам, што ўсе выходныя званкі стануць бясплатнымі. Кошт – усяго $ 50. Халявы не будзе, а грошыкі прападуць…

Спосаб восьмы: уратаваць Галю!

«Девочка Галя, 14 лет, попала в аварию. Срочно необходима кровь 2 группы резус +. Если у тебя такая, перезвони родителям по такому-то номеру». На смс такога зместу ў свой час адрэагавалі многія жыхары Кіева. І папаліся на ўжо знаёмую пастку з платным кароткім нумарам.

Спосаб дзевяты: я памыліўся!

Хтосьці невядомы тэлефануе вам і кажа, што памылкова паклаў грошы на ваш нумар і просіць зараз пакласці адпаведную суму на яго нумар. Схема старая як свет, але зрэдку яшчэ спрацоўвае.

Спосаб дзесяты: служба безопасности!

Гісторыя, падгледжаная на баранавіцкім форуме: «Неяк на вуліцы падыйшоў мужык ў вопратцы колеру хакі і кажа: «Служба безопасности! Необходимо срочно сделать звонок с вашего мобильного!». «Служба» аказалася, зразумела, «ліпавай»…

Як уратавацца?

Найперш – не спяшайцеся рэагаваць на такія прапановы і просьбы. Спраўдзіце нумары тэлефонаў у даведцы, альбо на вэб-сайтах арганізацый, якія нібыта праводзяць «акцыі». Зрабіць гэта можна і з дапамогай даведкавых тэлефонаў вашых аператараў. Пасля таго, як далі каму-небудзь затэлефанаваць са свайго тэлефону – спраўдзіце баланс – не выключана, што званок быў на платны нумар…

В. ДРЭМА