Новы гарадзенскі гастрабар “Вердэн”: паснедаць, папрацаваць, затусіць увечары

|

З Піцера ў Гродна

 

Уладзімір, адзін з уладальнікаў “Вердэна”, амаль усё жыццё перажыў у Пецярбургу. У Гродна ён прыязджаў часта, бо адсюль яго бабуля і дзядуля. Ён зразумеў, што так як Піцер – культурная сталіца Расіі, Гродна з’яўляецца культурнай сталіцай Беларусі. “І гэта не толькі назва, якая штогод пераходзіць з аднаго горада ў другі”, – падкрэслівае ён.

 

Усяго ўладальнікаў гастрабара трое – яны ўсе прыехалі з Піцера. Раней у іх была сур’ёзная праца, якая ў беларускіх умовах лічыцца кар’ернай.

 

Калі хлопцы сабраліся адчыніць бар, то вырашылі што не так цікава рабіць гэта ў Пецярбургу, дзе гэта зараз у трэндзе, а таму новых добрых месцаў адчыняецца шмат. Ім захацелася адчыніць яго ў Гродне, які ім вельмі падабаецца і які ім блізкі.

 

“Мая бабуля і мой дзядуля жылі тут недалёка, літаральна каля каланчы. Гродна для мяне родны, амаль як Пецярбург”, – распавядае Уладзімір. Яго сябры таксама часта сюды прыязджалі, ім вельмі падабалася, асабліва летам.

 

 

Па словах Уладзіміра, пераезд з вялікага горада ў невялікі прайшоў без праблем, таму ўсе адчуваюць сябе ў Гродне добра.

 

Уладзімір заўважае што ў Германіі, у краінах Прыбалтыкі, у Польшчы таксама ёсць невялікія ўтульныя гарады, у якіх можна камфортна жыць. Там няма пагоні за тым, каб жыць у сталіцы.

 

“Навошта мне дабірацца на працу дзве гадзіны? – пытаецца Уладзімір – У Гродне за 20 хвілін я магу быць на прыродзе і за дзве гадзіны – у іншай краіне”. Ён заўважае таксама, што ў Гродна ёсць сваё аблічча, якое не захавалася ў іншых гарадах Беларусі, на што паўплывала сучасная архітэктура і ваенныя падзеі.

 

 

Хлопцы тут не так доўга, але ўжо пастаянна бачаць на вуліцы знаёмыя твары. Слухаючы Уладзіміра, з’яўляецца думка, што новае месца на гарадзенскай мапе – іх маленькі падарунак для горада і выраз жадання рухаць яго наперад і развіваць.

 

Ідэя “Вердэн” – пастаянна расці

 

“Вердэн” – гэта больш чым проста месца. Гэта нашае жыццё як праект пастаяннага развіцця, гэта тое, чым мы будзем займацца”, – кажа Уладзімір. “Вердэн” – гэта малады, зялёны праект. Уладзімір добра разумее чым з’яўляецца сацыяльна адказнасць – за сябе і за працаўнікоў, за людзей, якія атрымліваюць паслугі, за гасцей, за месца ў якім яны знаходзяцца.

 

Зараз у камандзе 12 чалавек, хаця не ўсе яшчэ пачалі працу. Па словах Уладзіміра, павары і афіцыянты – вельмі цікавая людзі, у іх ёсць вышэйшая адукацыя і жаданне пастаянна расці, а “Вердэн” павінен даваць такую магчымасць.

 

 

“Мы хочам, каб тут была каманда маладых перспектыўных людзей. Вышэйшая, гуманітарная адукацыя дазваляе чалавеку шырока глядзець на свет і займацца вельмі рознымі сферамі дзейнасці. Таму што праца ў рэстаране – гэта праца з інфармацыяй, праца з людзьмі”, – кажа Уладзімір. Ён сам стажыраваўся два гады ў добрым італьянскім рэстаране ў Пецярбургу каб разумець і ўяўляць сябе, як павінен выглядаць добры ўзровень і як усё гэта працуе.

 

 

Адкрыліся і што далей?

 

Уладзімір распавёў пра першы дзень пасля адкрыцця. Уладальнікі і працаўнікі не чакалі, што прыйдзе столькі людзей, і не паспявалі ўсё рабіць хутка. “Але сярод людзей былі разуменне і пазітыў”, – кажа з усмешкай Уладзімір.

 

“Вердэн” працуе з 8.00 да 24.00, а па выходных – да 4.00. Прастора арганізавана так, каб кожны адчуваў сябе камфортна. “У Піцеры людзі адкрываюць такія бары, у якія самі хацелі бы прыходзіць, якія падабаюцца ім самім, а тады месца падабаецца і іншым. Мы таксама адкрылі такое месца. Мы хацелі б самі сюды прыйсці і пасядзець”.

 

 

У “Вердэн” можна прыйсці з ноўтбукам і папрацаваць, пачаць дзень са сняданку, з’есці абед і затусіць увечары.

 

Уладзімір падкрэслівае што яны адкрытыя таксама на ідэі гарадзенцаў наконт такго, што яны хацелі б бачыць у “Вердэн”. “Наша прастора свабодная”, – кажа ён. Уласнікі самі плануюць арганізаваць мерапрыемствы, у тым ліку дэгустацыі. Іх мара на лета – адкрыць пляцоўку ля бара, але тут усё залежыць ад гарадскіх уладаў.

 

 

Кухня: разнастайнасць і мясцовыя прадукты

 

Як сумясціць разнастайную сусветную кухню з модным зараз ва ўсей Еўропе рэгіяналізмам? “У нас разнастайная, інтэрнацыянальная кухня, але мы вельмі мэтанакіраваныя і хочам, каб у нас тут былі фермерскія прадукты. Нам вельмі цікавіць мясцовая прадукцыя, экалагічныя фермы – гэта добры трэнд, які актуальны заўсёды. Можна адмовіцца ад адзення, але добра з’есці гэта тое, што нам патрэбна кожны дзень”.

 

У меню “Вердэн” тыя стравы, што спадабаліся заснавальнікам у час іх шматлікіх падарожжаў. Алена, другая з уладальнікаў гастрабара, жыла ў краінах далёкага Усходу і стараецца перанесці іх кухню ў Гродна. Ёсць і еўрапейскія стравы. “Нам таксама хацелася б гатаваць стравы беларускай кухні але такія, якія не прыеліся”, – распавядае Уладзімір. У асартыменце бара таксама крафтавае піва з Брэста, з маленькай піваварні, якая не выкарыстоўвае хіміі.

 

 

Таксама “Верден” прапануе сняданкі – у Гродне такіх месцаў усё яшчэ мала, а іх прапановы абмежаваныя. “Мы стараліся высветліць, ці гарадзенцы даспелі да такога фармату, калі снедаць у горадзе – гэта нармальна. Тут такія ж людзі, як 70 кіламетраў далей. Тут шмат людзей, якія могуць і хочуць жыць па-сучаснаму. Якія не плачуць, што крызіс, што ўсё дрэнна. У такіх умовах і павінна ісці развіццё”, – кажа Уладзімір.

 

 

Інтэр’ер: гісторыя і сучаснасць

 

“Вердэн” знаходзіцца ў сутарэннях пальчаткавай фабрыкі “Акцэнт” і заўважны адразу з вуліцы. Па-першае – у будынку па вуліцы Маставой, 31 нанова з’явіліся вокны. “Яны былі тут раней, проста іх заклалі ў 60-я гады”. Праз іх адразу бачны інтэр’ер у актуальным еўрапейскім трэндзе, які адрозніваецца ад іншых гарадзенскіх месцаў. Уладальнікі самі займаліся дызайнам інтэр’еру. “Гэта натхненне, якое мы прывезлі са сваіх падарожжаў, з краін, якія мы наведвалі. Гэта трэнд кінфолк, якія прадугледжвае спалучэнне экалагічнага і сучаснага. Тут таксама прысутны скандынаўскі стыль. Мы стараемся выкарыстаць натуральныя матэрыялы, але пакінуць тое, што было, гістарычнае”. Яны лічаць, што тое, што яны пакінулі цэглу ўнутры і вярнулі гістарычныя вокны – іх маленькі ўклад у захаванне гісторыі.

 

 

Месца камфортнае і для маленькай і для вялікай кампаніі. Высокія сталы спрыяюць працы з ноўтбукам. Два залы раздзеленыя: можна знайсці і гучнейшы, і спакайнейшы куток. Месца – еўрапейскае, што падкрэслівае заснавальнік. На сценах вісяць карціны скандынаўскага мастака і Уладзімір з захапленнем паказвае адну з іх, на якой намаляваны алень. “Гэта ж сімвал Гродна! А вось там зубр – сімвал Беларусі”.

 

 

Дарэчы, пад час працы над інтэр’ерам тут знайшлі падкову. “Кажуць, гэта на шчасце”, – усміхаецца Уладзімір.