Металашукальнікі пад забаронай! У Беларусі ўступае ў сілу ўказ “пра тры чарапкі”

Стварэнне дакумента было выклікана праблемай, пра якую даўно гаварылі археолагі, што працуюць у Акадэміі навук або займаюць высокія дзяржаўныя становішчы (як, напрыклад, гісторык-сенатар з Магілёва Ігар Марзалюк) – шырокім распаўсюджаннем “чорнакапацельства” – пошуку ў зямлі цікавых сведчанняў матэрыяльнай дзейнасці людзей, які вядзецца пры дапамозе металадэтэктараў і іншага спецыялізаванага інструмента.

 

“Капаў, капаю і буду капаць”. У Беларусі хочуць пазбавіць хобі аматараў даўніны

 

Указам уводзіцца паняцце “археалагічны артэфакт”. Гэта любы прадмет, знойдзены ў зямлі, старэйшы за 120 гадоў і які мае прыкметы гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пры гэтым усе ўладальнікі такіх прадметаў павінны да 1 студзеня 2017 г. зарэгістраваць свае “артэфакты” ў спецыяльным электронным рэестры, які будзе распрацоўваць і весці Акадэмія навук. Гэта тычыцца нават тых прадметаў, якія ўжо былі адшуканыя раней і знаходзяцца ў прыватных руках або музейных зборах.

 

На месцах ацэньваць артэфакты павінны члены спецыяльных камісій пры аблвыканкамах, у склад якіх плануецца ўвесці кваліфікаваных археолагаў. Рэгістраваць “артэфакты” павінны будуць не толькі прыватныя асобы, але і дзяржаўныя сховішчы каштоўнасцей. Карыстанне металашукальнікамі ў мэтах пошуку прадметаў даўніны ў Беларусі цяпер будзе забаронена. Металашукальнікамі змогуць карыстацца толькі спецыяльна ўпаўнаважаныя асобы.

 

Фота з раскопак 2015 года на Старым замку ў Гродне

 

Указ быў сустрэты крытыкай як аматарамі збірання даўніны, так і некаторымі прафесіяналамі. Падкрэсліваецца яго забараняльны характар. Так званыя “копары” (тыя, хто збірае прадметы, звязаныя з дзейнасцю чалавека, толькі на паверхні зямлі і ніколі не капае археалагічныя аб’екты) падкрэсліваюць, што разумней было б пайсці па шляху стварэння грамадскай арганізацыі аматараў пошуку старажытнасцей, як гэта робіцца ў Заходняй Еўропе.

 

Сябры такога таварыства атрымлівалі б дазволы на карыстанне металашукальнікамі і з часам маглі б стаць каштоўнымі памочнікамі археолагаў-прафесіяналаў, якіх у Беларусі вельмі мала. Аматары за некалькі гадоў маглі б стварыць цудоўную карту старых паселішчаў Беларусі, дапамаглі б археолагам “намацаць” селішчы, якіх не ўбачыш па рэштках умацаванняў, знайсці месцы сярэднявечных бітваў.

 

Такія прыклады добра вядомыя з еўрапейскай практыкі. Напрыклад, англічанін-аматар з дапамогай металашукальніка адшукаў месца знакамітай бітвы рымлян з тэўтонамі ў Тэўтабургскім лесе, дзе было знішчана шэсць рымскіх легіёнаў. Копары-аматары таксама маглі б дапамагчы міліцыі “зачысціць” краіну ад чорнакапацеляў-злачынцаў, якія шукаюць цікавыя археалагічныя аб’екты, невядомыя раней або вядомыя археолагам, і мэтанакіравана іх раскопваюць.

 

Фота з раскопак 2015 года на Старым замку ў Гродне

 

Ва ўмовах жа, калі ў Беларусі існуе не асабліва надзейная сістэма аховы і кантролю стану археалагічных аб’ектаў (як правіла, на раёнах за ахову помнікаў адказвае адзін чалавек, ды і тое ў лепшым выпадку), то чорнакапацелі ўсё роўна змогуць раскопваць каштоўныя помнікі на “прафесійнай” аснове, каб прадаваць каштоўнасці за мяжу, а суды пачнуцца над “копарамі”, якія ніколі не хавалі сваіх аматарскіх заняткаў, а цяпер таксама сыдуць у цень. Па-сутнасці, яшчэ больш ценявым стане і рынак продажу археалагічных прадметаў.

 

Невядома, дзе будуць узятыя спецыялісты, для фарміравання камісій па ацэнцы артэфактаў, паколькі ў Беларусі сёння працуе не больш двух-трох дзясяткаў археолагаў, якія спецыялізуюцца на археалогіі позняга Сярэднявечча і Новага часу. Стварэнне рэестра артэфактаў таксама запатрабуе выдзялення сродкаў на распрацоўку праграмнага забеспячэння і стварэнне новых працоўных месцаў для яго абслугоўвання, што будзе няпроста зрабіць у існуючай эканамічнай сітуацыі.

 

Фота з раскопак 2015 года на Старым замку ў Гродне

 

Ёсць галасы аб тым, што нормы ўказа будуць прымяняцца толькі выбарачна і таму істотнага паляпшэння сітуацыі з аховай гісторыка-культурнай спадчыны не адбудзецца. “Копары” ўжо назвалі ўказ “законам аб трох чарапках”, намякаючы на закон 1932 г. “аб трох каласках”, які прадугледжваў звышжорсткія пакаранні за раскраданне сацыялістычнай маёмасці.

 

Першае фота: clubklad.ru