У Новым замку адкрылася выстава, прысвечаная гісторыі адукацыі на Гродзеншчыне

|

Прыкладна паўтысячы экспанатаў, а гэта не толькі старыя канспекты, падручнікі і фотаздымкі, ілюструюць развіццё адукацыі на Гродзеншчыне пачынаючы з ХІІ стагоддзя і да канца савецкай эпохі. Шмат месца прысвечана навучальным установам часоў Рэчы Паспалітай – гродзенскаму езуіцкаму калегіуму і дзейнасці Адукацыйнай камісіі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

 

Сярод знакамітых выпускнікоў Гродзенскай мужчынскай гімназіі – фатограф ды рэвалюцыянер Пётр Шумаў, філосаф Аляксандр Макавельскі, беларускі каталіцкі ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.

 

А шматлікія выпускнікі Свіслацкай настаўніцткай семінарыі, якіх выхоўвалі ў духу падданасці цару Мікалаю ІІ, сталі пасля Першай сусветнай вайны беларускімі актывістамі і змагаліся за беларускую школу ў шэрагах Таварыства беларускай школы.

 

Дарэчы, на выставе можна пабачыць і фотаздымкі вучняў першай беларускай школы ў Гродне, якая паўстала сто гадоў таму, у красавіку 1916 г.

 

Савецкая школа паказана атмасферна – пачынаючы ад пасляваенных плакатаў са школьнікамі і заканчваючы школьнай формай 1980-х гг.

 


 

Выстава “Collegium, Gymnasium, Schola” адкрылася 18 сакавіка ў 16.00 у Авальнай зале Новага замку.