Музей Аўгустоўскага канала адкрыюць 1 мая на шлюзе “Дамброўка”
Пастаянная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі Аўгустоўскага канала, ствараецца ў доме наглядчыка шлюза “Дамброўка”. Навуковую канцэпцыю музея распрацаваў калектыў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Для збору экспанатаў праведзена гісторыка-бытавая экспедыцыя. Яна дапамагла ўзнавіць побыт пакоя наглядчыка, якім той быў у даўнія часы.
Падабраныя дакументы, фатаграфіі, ілюстрацыі аб будаўніцтве і эксплуатацыі воднага шляху, адрэстаўраваная старадаўняя мэбля. Вырабляецца макет шлюза, які дапаможа наведвальнікам зразумець сутнасць шлюзавання. У музеі кожны жадаючы зможа даведацца цікавыя моманты маштабнай будоўлі гідратэхнічнага збудавання праз Гродзенскую пушчу, гісторыю яго выкарыстання ў розныя гады.
Да канца сакавіка падрыхтоўчыя рамонтныя работы ў доміку наглядчыка завершаць, пасля чаго прыступяць да ўладкавання музея. Экспазіцыя, прысвечаная гісторыі Аўгустоўскага канала, у доме наглядчыка будзе пастаяннай. Збор матэрыялу для яе працягваецца.
Аўгустоўскі канал – выбітнае гідратэхнічнае збудаванне XIX стагоддзя, адзін з найбуйнейшых каналаў Еўропы, які пралягае па тэрыторыі Польшчы і Гродзенскай вобласці. Гэта ўнікальны аб’ект свайго часу па складанасці інжынерных рашэнняў, маштабах і прыгажосці пейзажаў. Водны шлях мае працягласць 102 км, штучныя рэчышчы даўжынёй 45 км звязалі адзінаццаць рэк і сем азёр. Будаўніцтва заняло 15 гадоў: было збудавана 29 водапрапускных плацін, 18 шлюзаў, 21 камера, 14 мастоў, 24 аб’екты для абслугоўвання канала. У ХIХ стагоддзі канал злучыў басейны рэк Віслы і Нёмана, забяспечыўшы на поўначы выхад да Балтыйскага мора, а на поўдні – да Чорнага (праз Агінскі канал, Днепр, Бярэзінскую водную сістэму і Дзвіну). У свеце існуе ўсяго тры такія каналы – Каледонскі ў Вялікабрытаніі, канал Гота ў Швецыі і Аўгустоўскі.
Фота: holiday.by