Як высах стары ясень ды ягоныя пабрацімы ў парку Жылібера

На фота, зробленых з паветра ў верасні 2004 г., мы бачым, што ясені ў Швейцарскай даліне (рэчышча Гараднічанкі ў раёне помніка савецкім салдатам) адчувалі сябе вельмі добра. Гэта цалкам зялёныя здаровыя дрэвы.

 

 

У сакавіку 2005 г. пачалася саўчанкаўская “рэканструкцыя”. Па ўсім парку былі пракладзены дзясяткі метраў супершырокіх дарожак з пліткі. Дрэвы акружаліся пліткай, а ў даліне Гараднічанкі была перароблена сістэма адводу вады. Гараднічанка страціла шырокую пойму і атрымала абкладзеныя камянямі берагі.

 

 

Да канца лета 2006 г. дзясятак ясеняў у Швейцарскай даліне высах, пераўтварыўшыся ў сухастой за адзін год. Выратаваць іх ужо нават не спрабавалі і ў сакавіку 2007 г. спілавалі за адзін працоўны дзень. Кучкі на апошнім фотаздымку – гэта свежыя пянькі знішчаных дрэваў.

 

 

Вось што адбываецца, калі пры маштабных земляных работах не ўлічваюцца ўмовы, у якіх будуць вымушаныя існаваць каштоўныя зялёныя насаджэнні. Але падаецца, што ў 2005 г. падчас рэканструкцыі парку вывучэннем уплыву работ на дрэвы ніхто не займаўся. Таму цалкам можна пагадзіцца з меркаваннем Ігара Лапехі, выказаным ім для газеты “Вячэрні Гродна”, што высыханне старога жылібераўскага ясеня стала наступствам парушэння гідралагічнага рэжыму.