Што трэба пакласці ў велікодны кошык?
У сярэдзіне кошыка для велікодных страваў павінна ляжаць белая сурвэтка, на якую і кладуцца стравы для асвячэння. Кошык павінен быць упрыгожаны, напрыклад, самшытам або веснавымі кветкамі, і прыкрыты таксама белай сурвэткай, каб спалучыць эстэтыку і гігіену.
Для асвячэння ў кошыку павінны быць: хлеб, пасхальны баранак, яйкі, вяндліны, хрэн, перац, соль, сыр, велікодная здоба.
Пафарбаванае яйка
Яйка – традыцыйны святочны падарунак, аздоба кошыкаў і велікодных сталоў. Гэта сімвал плоднасці, жыцця, якое адраджаецца, і знак перамогі Хрыста над смерцю. Святы Ян з Дамаска бачыў аналогію паміж будовай яйка і космасу. Шкарлупіну ён параўноўваў з небам, мембрану – з небасхілам і аблокамі, бялок – з водамі, жаўток – з зямлёй і мінераламі.
Пафарбаванае яйка – асноўны складнік святочнага кошыка. Найбольш вядомы карычнева-залацістыя, пафарбаваныя ў лісцях цыбулі. Дзяленне яйкам падчас складання ўзаемных віншаванняў павінна ўмацоўваць сямейныя і суседскія повязі.
Хлеб
Ён асвячаецца на ўспамін аб тым Хлебе, які сышоў з неба, – Ісусе, і на ўспамін цудоўнага насычэння вялікай колькасці людзей, якія слухалі Хрыста. Вернікі кожны дзень просяць Бога ў Малітве Панскай аб хлебе штодзённым, а паколькі маюць яго з Божай шчодрасці, то прыносяць яго для асвячэння.
У хрысціянскай традыцыі хлеб з’яўляецца вельмі важным сімвалам. У Эўхарыстыі від хлеба мае Цела Пана, якое з’яўляецца пасілкам для людскіх душаў. Хлеб – гэта Божы дар.
Нас вучаць незвычайнай пашане да хлеба; яго нельга марнаваць, бо гэта выклікае гнеў Бога. Калі хлеб падае на зямлю, яго трэба падняць і пацалаваць. У многіх краінах свету хлеб з’яўляецца асноўнай ежай. Таксама гэта сімвал штодзённых патрэб чалавека: годнага жыцця, сытасці, гасціннасці.
Пасхальны баранак
У велікодным кошыку ён мае прывілеяванае месца. Гэта сімвал Ісуса Уваскрослага, а таксама сімвал пакоры і лагоднасці. Звычай асвячэння баранка паходзіць з VII стагоддзя, а звычай ставіць баранка на велікодны стол увёў у XIV стагоддзі Папа Урбан V. Гэта рабілася з адной мэтай: каб вернікі, частуючыся, не забывалі аб найважнейшым пасланні гэтага свята.
Пасхальны баранак, пастаўлены на стол, нагадвае аб тым, што Хрыстос адкупіў людзей і што яны прызначаны да вечнага святкавання шлюбнай вячэры Баранка.
Пасхальны баранак быў выразным прадказаннем і вобразам Ісуса Хрыста, чыя кроў павінна была выбавіць ад смерці ўвесь чалавечы род, пра што казаў прарок Ісая за сем стагоддзяў да нараджэння Ісуса.
Сёння на велікодны стол найчасцей ставяць баранкаў, вырабленых з цукровай масы, або гіпсавых, фарфоравых, шкляных, гліняных, пластыкавых.
Мяса і вяндліна
Вяндліна – сімвал дабрабыту і заможнасці сям’і, яна гарантуе сям’і здароўе і дастатак. У велікодным кошыку павінны быць разнастайныя віды вяндліны ці каўбаса. Можна таксама пакласці ў кошык кавалак сала ці ялавічыны.
Соль, перац і хрэн
Соль. Хрысціяне – соль змялі. Гэты патрэбны мінерал не толькі дадае стравам смаку, але і з’яўляецца сімвалам захавання ад псавання і мае ачышчальныя ўласцівасці. Хлеб і соль – нібыта квінтэсенцыя жыцця і азначаюць прастату жыцця. Таксама імі вітаюць шаноўных гасцей. Паводле Кнігі Сіраха 39, 26 і Ёва 6, 6 соль з’яўляецца неабходным складнікам пасілку.
Чорны перац (змелены) сімвалізуе горкія зёлкі, якія іўдзеі дадавалі да пікантнага соўсу колеру цэглы. У яго абмоквалі кавалкі пасхальнага ягняці на ўспамін аб цяжкай нявольніцкай працы пры вырабе цэглы ў Егіпце.
Хрэн. Ён пікантны на смак і выклікае слёзы. Потым яго рэжуць на тонкія пласцінкі і частуюць сабраных гасцей. Хрэн можа быць таксама цёрты і змешаны з яйкам і смятанай.
Прысмакі
Дзеці кладуць у кошык шакаладнага зайчыка. Заяц – сімвал вясны, адраджэння прыроды, жыцця. Заяц спіць з адкрытымі вачыма, таму ён нібыта быў першай з жывёл, якая ўбачыла Уваскрасенне Пана. У хрысціянскай традыцыі ён сімвалізаваў грэшнікаў, ачышчаных праз пакаянне. У кошыку шакаладны зайчык – хутчэй прадмет, які сюды добра дапасоўваецца для агульнай карціны, а не напамін аб даўнім звычаі.
Велікодная здоба
На святочным стале павінна быць здоба, найлепш хатняй выпечкі. Дражджавая бабка – так званая велікодная бабка – сімвал умеласці і дасканаласці, да якіх павінен імкнуцца кожны чалавек як у духоўным жыцці, так і ў навакольнай рэчаіснасці.
Сыр
У велікодны кошык можна пакласці і кавалак сыру. Найлепш, калі ён выраблены з малака авечкі, казы або каровы. Можна пакласці таксама тварог, выраблены ў хатніх умовах.
Апрацаваў кс. Юрый Марціновіч