Каштан Элізы Ажэшкі ў Гродне можа не перажыць наступнай зімы

 

Гарадзенскі краязнаўца Ігар Лапеха ўжо не першы раз б’е трывогу. Упершыню ён звяртаў увагу ўладаў і грамадскасці на праблему яшчэ ў далёкім 2008-м годзе, калі ішла рэканструкцыя горада, а каштан аказаўся шчыльна абкладзены бетоннай пліткай:

 

 Паводле правілаў, падчас рэканструкцыі камель дрэва меў быць абвязаны піламатэрыяламі, каб кару не пашкодзілі, — тлумачыць Лапеха,  але гэтага зроблена не было. Зялёнае кола вакол дрэва мела быць дыяметрам як мінімум у палову кроны, бо крона паўтарае карнявую сістэму. Зрабілі, зразумела, нашмат вузей…



Зараз, па словах Ігара Лапехі, дрэва проста засыхае. Каштан заражаны грыбком ды знаходзіцца ў эпіцэнтры актыўнасці мініруючай молі, аднаго з галоўных ворагаў каштанаў. У гэтым годзе каштан яшчэ зацвіце, але скіне лістоту ўжо ў сярэдзіне жніўня. Перажыць чарговую зіму ў дрэва, найхутчэй, ужо не хопіць сіл.

 

 Гэты каштан у значна горшым стане за рэшту гарадзенскіх каштанаўпрацягвае Лапеха,  напрыклад, на вуліцы Брыкеля, якая ўся засаджаная каштанамі, стан дрэваў лепшы: мініруючая моль туды толькі пачынае пранікаць, зялёная зона вакол дрэваў куды большая. Тут жа, у дадатак да саліднага ўзросту, дрэва заціснута пліткай ды штодня “абкурваецца” выхлапнымі газамі аўтамабіляў.


 

Разам з тым, краязнаўца адзначае, што ўратаваць дрэва яшчэ можна, прычым даволі бюджэтнымі сродкамі. Лапеха прапаноўвае наступныя меры:

 

– падкарміць дрэва

– зрабіць тэрапію супраць грыбка

– апрыскаць ад мініруючай молі

– лагодна амаладзіць крону

– пашырыць зялёную зону побач з каштанам (пашырэнне, зрэшты, не закране пешаходную дарожку, а наўпрост злучыць дзве клумбы побач).

 

Гародня, да слова, ужо паспела страціць некалькі ўнікальных каштанаў: у 2010 годзе на тэрыторыі былой сядзібы Аўгустова (зараз вуліца Рэпіна) былі спілаваныя два 200-гадовыя (!) каштаны са сфармаванай кронай, што сведчыць аб тым, што іх стрыглі з маленства – фактычна з часоў апошняга караля Рэчы Паспалітай, чыя рэзідэнцыя тут знаходзілася.

 

Напрыканцы Лапеха іранічна дадае, што меры па ратаванні легендарнага каштана пісьменніцы аказаліся б куды таннейшымі за праект помніка ясеню ў парку Жылібера, аб якім зараз пішуць СМІ.