Юныя гарадзенцы намалююць Новы Свет
Пленэр пачнецца з экскурсіі па Новым Свеце, пад час якой удзельнікі даведаюцца аб гісторыі ўзнікнення і развіцця гэтага раёна Гродна, яго ўнікальнасці і непаўторнасці, вядомых асобах, якія тут жылі.
Акрамя пазнавальнай вандроўкі па старых утульных вулачках і задавальнення ад творчасці, ўдзельнікі атрымаюць шанец выйграць падарунак, бо ўсе малюнкі прымуць удзел у конкурсе. Журы, якое будзе складацца з жыхароў Новага Света, гісторыкаў і мастакоў, вызначыць найлепшыя малюнкі, а іх аўтары будуць узнагароджаны каштоўнымі прызамі. Абвяшчэнне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца пад час адкрыцця выставы на пачатку лістапада. Яна будзе складацца з малюнкаў зробленых у час пленэра, сучасных і старых фотаздымкаў Новага Света і разнастайных рэчаў ад жыхароў гэтага раёна. Кожны наведвальнік выставы зможа атрымаць памятныя паштоўкі з малюнкамі, зробленымі ўдзельнікамі пленэра.
Каб узяць удзел у мерапрыемстве не абавязкова быць геніяльным мастаком – галоўнае мець пры сабе жаданне маляваць і любоў да свайго горада, яны абавязкова ўвасобяцца ў што-небудзь прыгожае, няхай і не ўсім зразумелае.
І адзін нюанс: пленэр для дзяцей! Калі вы афіцыйна ўжо не ў дзіцячым узросце, але адчуваеце сябе дзіцём ці маеце дзяцей – прыходзьце ўсе разам! Толькі папярэдне варта патэлефанаваць да Юлі (+375 29 280 09 14 ) ці Віталя (+375 29 786 79 33) і паведаміць аб сваім жаданні ўдзельнічаць у пленэры, а мы вам скажам дзе і ў колькі сустракаемся. Нават калі вы не маеце алоўкаў, пэндзляў, фарбы ці паперы – гэта не перашкода і не нагода, каб не прыходзіць. Скажыце, і мы знойдзем для вас усё неабходнае.
Фота Юлі Катаржынскай