ААТ “Гроднахлебпрам” выкарыстоўвала чэрствы хлеб для выпечкі свежага
У ход таксама ішлі вырабы пасля сканчэння тэрміну прыдатнасці. Такія парушэнні выявілі супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці пад час праверкі работы прадпрыемства. Высветлілася, што вытворчасць і рэалізацыя хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў пастаянна зніжаецца. Начальнік аддзела кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг Алена Гіль распавяла пра асноўныя праблемы:
– На прадпрыемстве недастатковая загрузка вытворчых магутнасцяў, у тым ліку новых. Напрыклад, мадэрнізаваная лінія па вытворчасці пернікаў і печыва загружана на3 8,3%, сушак – на 28%. Каб набыць і ўвесці ў эксплуатацыю гэтыя лініі выдаткавана больш за 30 млрд рублёў. Не заўсёды можна гаварыць пра якасць вырабленай прадукцыі. Напрыклад, выпушчана і рэалізавана 88,5 тон пернікаў і печыва на суму 2,2 млрд рублёў, на маркіроўцы якіх не было ўказана наяўнасць слядоў кампанентаў, ужыванне якіх можа выклікаць алергічныя рэакцыі або проціпаказана пры асобных відах захворванняў.
Пры інвентарызацыі рэшткаў сыравіны і матэрыялаў у вытворчых цэхах і складах ААТ «Гроднахлебпрам” устаноўлена неадпаведнасць фактычных рэшткаў дадзеным бухгалтарскага ўліку. Таксама ўстаноўлены факты выездаў работнікаў прадпрыемства за межы краіны ў працоўны час без афармлення загаду наймальніка, незаконны расход паліва, парушэнні правілаў гандлю і санітарных нормаў, а таксама выпадкі несвоечасовай выплаты заработнай платы.
Выяўленым парушэнням будзе дадзена прававая ацэнка.