Аперацыя скончылася – “піраты” засталіся

|

Сёння ў Гродне падводзяць вынікі двухтыднёвай кампаніі па барацьбе з нелегальнымі перавозчыкамі пасажыраў. Выяўленым у час кампаніі парушальнікам выпісалі штраф на 332 тыс. рублёў. Такія грошы можна лёгка “адбіць” толькі за адзін рэйс у Мінск і назад.


Кампанія з гучнай назвай “комплекс контрольно-профилактических мероприятий «Терминал»” стартавала па ўсёй Беларусі 27 жніўня.

Як паведаміў “Твайму стылю” намеснік начальніка абласной Транспартнай інспекцыі Ўладзімір Барута, на Гарадзеншчыне за гэты час было праведзена 40 праверак.

Быў выяўлены 91 выпадак парушэнне парадку перавозак. Парушэнні тычыліся альбо прыхаваных рэгулярных перавозак альбо нелегальных перавозак, калі кіроўцы працавалі без усялякіх ліцэнзіяў. Па пяці выпадках былі выпісаныя штрафы на агульную суму ў 332 500 руб.

– Ці дапускаеце Вы, што калі б зараз мы апынуліся на аўтавакзале, то ўбачылі б усё тых-жа хлопцаў, якія прапануюць хутка давезці на Мінску? – спыталіся мы ў сп. Баруты.

– Не выключаю. Змагацца з “нелегаламі” пакуль вельмі складана.

– Дык яны ж не хаваюцца фактычна! Хіба нельга штодня проста падсаджваць “сваіх” людзей у машыны гэтых перавозчыкаў, а потым штрафаваць тых напоўніцу?

– Не ўсё так проста. Гэтак званую “кантрольную закупку” могуць рабіць толькі супрацоўнікі падатковай інспекцыі альбо камітэту дзяржкантролю. Да таго ж нас гэтыя людзі ведаюць у твар: як толькі мы з’яўляемся на тым жа вакзале – яны зыходзяць адтуль.

Простыя матэматычныя падлікі (кошт квітка, напрыклад, да Мінску мінус кошт паліва) лёгка тлумачаць матывы тых, хто штодня выходзіць на “працу” па зборы пасажыраў.

На карысць “піратаў” працуюць не толькі недасканалыя механізмы барацьбы з імі, але і тэхнічны стан многіх аўтобусаў і маршрутак, якія абслугоўваюць гарадзенцаў.

Маральна і фізічна састарэлыя “Газэлі” ды “Любліны” могуць раз і назаўжды адбіць ахвоту карыстацца паслугамі аўтавакзала.