Грузінскія нататкі. Чыноўнікі з агнём у вачах і выдатнай англійскай
Нядаўна давялося пабываць з навучальным візітам у Грузіі. Цягам інтэнсіўнага тыдня група маладых дзяржслужачых, супрацоўнікаў прыватных фірм і грамадскіх актывістаў, у тым ліку і я, наведвала адміністрацыю прэзідэнта, парламент, шэраг міністэрстваў і мясцовае самакіраванне. Розніца паміж Беларуссю і Грузіяй бачна ўжо ў аэрапорце, але ў гэтых інстытуцыях яна адчуваецца асабліва моцна.
Па-першае, узрост чыноўнікаў. Там не дзіўна пабачыць 34-гадовага намесніка міністра. У нас, праўда, таксама сярэднестатыстычны дзяржслужачы паволі “маладзее”, але да такіх пасад пакуль справа не даходзіць.
Па-другое, у многіх грузінскіх чыноўнікаў сапраўды гараць вочы і зусім не таму, што ім трэба як найлепш паказацца перад гасцямі з Беларусі. У іх ёсць запал, неабыякавасць і адчуванне місіі. Як інакш патлумачыць тое, што, з’ехаўшы за мяжу і атрымаўшы там адукацыю, малады чалавек вяртаецца на радзіму, каб працаваць у дэпартаменце якога-небудзь міністэрства.
Адзін з такіх чыноўнікаў, з якім давялося сустрэцца – першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Нодар Керэселідзэ (на фота ніжэй). Яму 34 гады, у яго бэкграўнд з акадэмічных устаноў і няўрадавых арганізацый, два грузінскія, адзін еўрапейскі і адзін амерыканскі дыплом ды вялікае жаданне дапамагаць сваёй краіне. А яшчэ – ніякага практычнага досведу ў аграрных справах. Ён яму не патрэбны, бо ў Грузіі сельская гаспадарка цалкам прыватная і высокаму чыноўніку трэба разбірацца ў праве і дзяржкіраванні, а не ў тонкасцях высаджвання гародніны. Параўнайце з беларускай кар’ерай – з калгасу ў міністры.
Першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Нодар Керэселідзэ
Нодар па сваім жаданні прыйшоў у дзяржслужбу, а калі зразумеў, што яму не хапае падрыхтоўкі, з’ехаў на два гады давучыцца за мяжу. Як большасць грузінскіх чыноўнікаў, ён выдатна валодае англійскай мовай.
Акадэмічна-грамадскае мінулае ёсць і ў іншых высокіх чыноўнікаў і нават у прэзідэнта Георгія Маргвелашвілі. Кажуць, што ён і сёння не стаў стоадсоткавым палітыкам і яму бліжэй грамадская дзейнасць. Напэўна, у выпадку, калі прэзідэнт не мае рэальнай улады і з’яўляецца хутчэй арбітрам па-над палітычнымі спрэчкамі, гэта нават лепей.
У Грузіі адчуваецца розніца паміж нашым “дзяржслужачым” і заходнім “public servant” або “civil servant”. Служаць і ў нас і ў іх, але там – выразна грамадству, а не нейкаму абстрактнаму Лавіяфану дзяржавы, якому мы, беларусы, пастаянна штосьці павінны.
Яшчэ ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў англа-саксонскім свеце нарадзілася ідэя New public management – новага публічнага адміністравання, калі паспрабаваць перакласці гэты тэрмін. Спрошчана, ідэя была ў тым, каб перадаць на аўтсорс у прыватныя рукі большасць неабавязковых паслуг, якія аказвае дзяржава. Напрыклад, вываз смецця. Дзякуючы канкурэнцыі, паслугі стануць таннейшымі і больш якаснымі. Прынамсі, павінны ў тэорыі.
Гэтаксама з пункту гледжання NPM па дзяржпаслугі да чыноўнікаў прыходзяць ужо не проста грамадзяне, а кліенты, якіх трэба задавальняць. Як у бізнесе.
Працуе гэта не заўсёды ідэальна – у суседнім з намі Беластоку тэндар на банальны вываз смецця выклікаў сур’ёзныя спрэчкі і скаргі грамадзян. Не дзіва, што за апошнія гадоў 30, колькі існуе гэтая канцэпцыя, супраць яе сабралася пэўная крытыка. Аднак у Грузіі такія ліберальныя рэформы прыжыліся і ніхто сур’ёзна не збіраецца адкручваць іх назад. Сённяшняя кіруючая партыя хоць і шчыра ненавідзіць Саакашвілі, але дадае толькі элементы сацдэмакратыі, пакідаючы нязменнай ліберальную аснову.
Здаецца, некаторыя беларускія чыноўнікі таксама паціху дараслі да NPM. Гэтак, з выказванняў старшыні гродзенскага гарвыканкама вынікае, што некаторыя кнігі па гэтай тэме ён, як мінімум, гартаў. Вось толькі пераводзіць ідэі ў практыку ў нашай краіне, дзе мясцовага самакіравання няма ў прынцыпе, пакуль што цяжкавата.
Тым часам літаральна на нашых вачах паўстае новая канцэпцыя працы публічнага адміністравання – new public passion, заснаваная на паняцці ўнутранай матывацыі дзяржслужачага. З гэткай ідэяй выступіў у 2015 годзе Макс Эвэрэт-Філіпс, дырэктар Глабальнага цэнтра для паляпшэння публічнай службы пры Праграме развіцця ААН (Global Centre for Public Service Excellence).
У цэнтры new public passion – аднаўленне грамадскага даверу да чыноўнікаў, якія маюць быць адданымі ідэі грамадскай карысці, так, як тое мае месца ў няўрадавых арганізацыях. Яны маюць мець свой этас грамадскай службы, атрымліваць задавальненне ад выдатна выкананых задач ды ганарыцца сваёй працай. А таксама годна зарабляць. У Грузіі я сустрэў такіх чыноўнікаў.
Аўтар удзельнічаў у навучальным візіце ў Грузію ў межах навучання ў Школе маладых менеджараў публічнага адміністравання (SYMPA).