Магніцік-ключ, выцінанка і паветра ў слоіку. ТОП-10 гарадзенскіх сувеніраў

|

У Гродне няшмат месцаў, дзе можна купіць сувеніры. Ды і выбар таксама невялікі. У сувенірных кіёсках, крамах ці кнігарнях тыя самыя магніцікі, паштоўкі, талеркі і кубкі. Нешта цікавае знайсці няпроста, аднак з падарожжа сувенір прывезці трэба. А часам патрэбны падарунак госцю. Журналістка “Твайго стылю” выбрала самыя цікавыя, на яе погляд, гарадзенскія сувеніры.


Свежае гарадзенскае паветра

 

Сувенір-жарт, павінен спадабацца турыстам, якія прыехалі сюды з вялікіх гарадоў. Гродна славіцца навакольнай прыродай, у якой мы можам падыхаць свежым паветрам. Можна таксама падарыць таму, каму да лесу ці ракі проста далёка.

 

Крама “Ратушная”, каля 25 тыс. руб.

 

 

Гадзіннік

 

Уручную размаляваны гадзіннік з надпісам Гродна, размяшаным паміж Пагоняй і гербам князя Гедыміна – Калюмнамі. Незвычайны сувенір, спадабаецца асобам зацікаўленым гісторыяй. Праўда, гадзіны на ім не падпісаны але ён і не для таго, каб лічыць час, а каб думаць пра мінулае горада.

 

Крама “Цудоўня”, 450 тыс. руб.

 

 

Керамічны кубак

 

Сярод шаматкіх кубкаў з пейзажамі Гродна, гэты керамічны кубак прыцягнуў увагу сваёй прастатай. Ён адрозніваецца ад звычайных белых кубкаў з малюнкамі гарадзенскіх помнікаў архітэктуры, якіх многа ў крамах. Ён зручны і для малака, і для піва, і для гарбаты.

 

Крама “Хата мастака”, каля 80 тыс. руб.

 

 

Кніга “Cтарадаўнія сядзібы Гродзеншчыны”

 

Для тых, хто глыбей зацікаўлены гісторыяй, сярод прапаноў гродзенскіх кнігарняў мы выбралі “Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны” Анатоля Федарука: кніга не толькі пра Гродна, але і пра ваколіцы, са шматлікімі здымкамі – новымі і даўнімі, а таксама планамі. Кніга на рускай мове. А яшчэ гэта адна з настольных кніг рэдактара “Твайго стылю” 😉

 

Кнігарня “Раніца”, каля 375 тыс. руб.

 

 

Льняная экаторба

 

Уручную распісаная сумка, таму цікавая і непаўторная. У асартыменце сумкі з разнымі малюнкамі, на выбар.

 

Крама “Цудоўня”, 150 тыс. руб.

 

 

Таблічкі на сцяну

 

Гравюра з выявай горада выкананая ў дрэве – гэта больш, чым простая карцінка. У наяўнасці таксама магніцікі таго тыпу.

 

Крама “Цудоўня”, ад 60 тыс. руб.

 

 

Нататнік

 

Вельмі прыгожа зроблены невялікі нататнік, самы адпаведны, каб запісваць успаміны звязаныя з горадам. Для тых, хто хоча Гродна мець заўсёды побач – у сам раз, каб забіраць з сабой у падарожжа.

 

 

Магніцік-ключ

 

Цяжка знайсці цікавы магніт, а ён у падборцы сувеніры павінен быць. Таму мы выбралі той у форме ключа. Ён кінуўся ў вочы пасярод іншых, звычайных, квадратных магнітаў з помнікамі архітэктуры і пейзажамі горада.

 

Крама “Ратушная”, каля 25 тыс. руб.

 

 

Карцінка-выцінанка

 

Выкананая ў адной з самых старых традыцыйных тэхнік карцінка павінна спадабацца не толькі аматарам народнага мастацтва. Простая ў сваім выглядзе, нясе з сабой нейкі глыбокі пераказ пра мінулае.

 

Крама “Ткалля”, 95 тыс. руб.

 

 

Папяровыя мадэлі архітэктурных помнікаў

 

Сувенір, які прынясе радасць самым маленькім гарадзенцам і не толькі – з кардону можна выразаць і скласці мадэлі архітэктурных помнікаў Гродна і Гродзеншчыны. Ёсць Каложа, ёсць і Мірскі замак.

 

Крама “Ткалля” – 45 тыс. руб.