Чароўны трусік – геній піяру

|

Юра ці не асноўны канкурэнт усюдыіснага Коленькі Аляксандравіча. Можа, ён і не сустракаўся (пакуль што – адзначым) з Папам Рымскім, але ж у постсавецкай Інтэрнэт-прасторы выклікае значна большыя эмоцыі. Гэта нешта накшталт адносін N.R.M. і Ляпісаў: першыя – галоўныя беларускі гурт унутры краіны, другія – за паўднёва-ўсходняй мяжой.

 

«Чароўны трусік» – любімы персанаж студэнтаў-лабатрасаў і офісных безлімітнікаў – цяпер падмазваецца да нацыянальна арыентаванай публікі. Жыруючы на бязвольных жывебеларусах, якія слухаюць любы шлак з «Тузіну Гітоў» – абы на адпаведнай мове – ён пашырае кола сваіх фанатаў. Яшчэ троху і заменіць у пантэоне Зянона!

 

Але гэта яшчэ нішто ў параўнанні з чарговай ідэяй ад вар’ятаў з UltraSound. Рэклама фестывалю на яйках (не мітусіцеся, усяго толькі на курыных) забудзецца, але выступ Юры Дземідовіча – наўрадці. Арганізатары вельмі тонка ўлавілі тое, што аб’ядноўвае нашага маленькага Оззі-Мэнсана-Купера з гуртом The Prodigy. У перакладзе назва гурту азначае цуд ці адоранага чалавека. Патрэбныя каментары?

 

Калі я яшчэ вучыўся ў школе, надта папулярнымі былі кашулькі і балахоны The Prodigy. Яны стваралі сур’ёзную канкурэнцыю нават вопратцы з гуртом Nirvana, не кажучы ўжо пра Scooter ці Metallica. Сёння, таго і глядзі, іх фанаты напяляць кашулькі з лупатым белабрысым хлопчыкам і надпісам «Эціс Аціс Анімаціс». Друкуйце першы наклад самі, не прагадаеце.

 

«Чароўны трусік», маленькая надзея беларускага глэм-року і блэк-металу, аказаўся яшчэ і геніем маркетынгу. Увага да па-сутнасці бяздарнай, хваравіта эклектычнай і крыху шызоідной песенкі падтрымліваецца быццам бы прафесійным рэкламшчыкам. Не здзіўлюся, калі гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы, што рыхтуе нам Юра.

 

Сёння – фінал беларускага адбору на дзіцячае Еўрабачанне. І я ведаю, за каго прагаласую. Ты здзівіў мяне, Юра, а гэта ўжо шмат.