Гарадзенскаму падлетку далі 15 гадоў за забойства 5-гадовага брата

|

Гарадзенскі абласны суд 15 красавіка вынес прысуд па рэзананснай справе аб забойстве падлеткам свайго пяцігадовага брата, перадае БЕЛТА. 17-гадовы малады чалавек прысуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі. Ён прызнаны вінаватым у забойстве пяцігадовага брата, замаху на забойства маці, а таксама ў падпале кватэры.


Рэзанансная трагедыя адбылася ў Гродне 19 жніўня 2015 года. Па версіі следства, падчас сваркі з маці 1976 года нараджэння яе старэйшы сын нанёс жанчыне ўдары кулаком у твар і не менш за сем удараў малатком па галаве. Затым ён задушыў ручніком пяцігадовага брата, які ўбачыў сляды крыві і хацеў патэлефанаваць бабулі.

 

Пасля гэтага разліў у кватэры некалькі бутэлек гарэлкі і зладзіў падпал, на кухні адкрыў фаеркі газавай пліты, зачыніў звонку ўваходныя дзверы і схаваўся. Падлетак думаў, што маці памерла, таму не давёў злачынную задуму па яе забойстве да канца, лічыць следства. Ён быў затрыманы ў дзень здарэння і з таго часу знаходзіўся пад вартай.