Ад олдскула да вышыванкі. Якія тату робяць гарадзенскія майстры і хто карыстаецца іх паслугамі

Тату-салон і барбершоп 13th Cycle

Майстар Глеб Angel

 

Усе асноўныя стылі тату запатрабаваныя. Казаць пра папулярнасць нейкіх канкрэтных стыляў цяжка. Як увогуле праходзіць запіс? Кліент выказвае агульную ідэю або адразу паказвае малюнак, на якім трэба грунтавацца, а майстар дапамагае канчаткова вызначыцца і выпраўляе тэхнічныя памылкі.

 

За тату прыходзяць абсалютна розныя людзі – ад 16-гадовых, якім ніхто без дазволу бацькоў татуіроўку рабіць не будзе, да сталых, але маладых у душы людзей. Быў выпадак, рабілі тату 63-гадоваму. Хтосьці прыходзіць зрабіць новую татуіроўку, хтосьці перарабіць тое, што па маладосці зрабіў гадоў 20 таму.

 

Што тычыцца “папсовых” тату – сімвалаў бясконцасці, іерогліфаў і гэтак далей – я лічу, яны ўжо даўно зжылі сябе. Сёння тату гэта нешта больш мастацкае і індывідуальнае. Бывае, і зараз хтосьці прыходзіць у салон з ідэяй зрабіць такое тату. Тады мы спрабуем патлумачыць, што гэта далёка не арыгінальна. Татуіроўка – рэч вельмі асабістая і да выбару трэба падыходзіць вельмі сур’ёзна. Але апошняе слова, канешне, заўжды за кліентам.




Grodno Tattoo club „Pipetka”

Майстар Юля

 

Яшчэ некалькi гадоў таму iснавала так званая гарадзенская школа татуiроукi, якая з’явілася дзякуючы таленавiтаму гарадзенскаму мастаку Сяргею Стому. У яго атрымалася стварыць свой асаблiвы стыль, асаблiвую падачу малюнка на скуры. Гэта прынесла яму вядомасць не толькi ў Беларусi, але i за яе межамi. Некаторыя майстры з Гродна старалiся пераняць гэтую манеру, але ўжо не так удала.

 

Сёння Гродна не вылучаецца якiмi-небудзь асаблівымі стылямі, але гэта не сведчыць аб тым, што гарадзенская зямля не мае таленавітых майстроў. Кожны майстар моцны у якiм-небудзь накiрунку, якi складаецца з некалькіх стыляў. У тых майстроў, хто атрымаў мастацкую адукацыю, лепш атрымліваецца працаваць у найбольш складаных стылях, такiх як рэалiзм, трэш-полька, эклектыка.

 

Доўгi час папулярнымi былi выявы кiтайскiх іерогліфаў, штрыхкодаў, трайблаў, iх змянялi больш складаныя малюнкi японскай татуiроўкi – iерызумi, малюнкi народа маоры – мока, класiчная амерыканская татуiроўка – олд скул. Потым папулярнаць набралi такiя стылi як трэш-полька, ню-скул, чыкана, рэалiзм, дотварк ды iншыя.

 

У апошнiя два гады папулярнасць пачало набываць беларускае нацыянальнае татуяванне. Асноўным элементам малюнкаў у гэтым стылi стаў беларускi арнамент, выкананы ў розных тэхнiках: трайбл – суцэльная замалёўка фiгуры роўным колерам, дотворк – запаўненне пры дапамозе рознай iнтэнсiўнасцi кропак, iмiтацыя вышыўкi крыжыкам ды iншыя. Таксама папулярнымi элементамi ў гэтым стылi сталi выявы геральдычных сімвалаў, сцягоў, дзеячаў беларускай культуры, вайсковай славы, зуброў, буслоў, каласоў, васiлькоў i iншае.

 

Сама я апошнi час шмат працую ў гэтым накiрунку i мне гэта вельмi падабаецца. Дзякуючы таму, что людзi сталi часцей выбiраць свае родныя сімвалы, у мяне з’явiлася магчымасць зрабiць шэраг цiкавых работ у беларускiм нацыянальным стылi, з якiмi я займала першыя месцы на фестывалях татуiроўкi ў Беларусi i за мяжой. Нядаўна мне пашчасцiла зрабiць татуяванне па сваім эскiзе на тэму Гароднi – выява аленя Губерта, якi на сваiх рагах трымае галоўныя гарадзенскiя архiтыктурныя помнiкi.

 

За апошнiя некалькi гадоў змянiўся i сярэднi ўзрост людзей, якiя хочуць зрабiць татуяванне – цяпер гэта не толькi людзi 20-30 гадоў, але i шмат людзей больш сталага ўзросту. Малюнкi становяцца больш абдуманымi i сур’ёзнымi.

 

Час ад часу, пабачыўшы фота з маiх старонак у сацыялных сетках, мяне пытаюць, цi сапраўднае татуяванне ў майго сабакi. Спяшаюся ўсiх супакоiць – гэта толькi малюнак асадкай. Сама я вегетарыянка па этычных поглядах i не падтрымлiваю сапраўднае татуяванне жывёл. Майму сабаку падабаецца сам працэс нанясення малюнка, ён успрымае гэта як масаж.

 

Адно з найбольш частых пытанняў – як атрымаць якаснае татуяванне i не пашкадаваць пра гэта. Перш за усё, трэба шукаць майстра непасрэдна пад стыль малюнка. Паглядзець работы майстра ў гэтым накiрунку, пацiкавiцца пра ўмовы стэрыльнасцi. Пачытаць водгукi пра гэтага мастака. Паказчыкам якасцi майстра будуць ягоныя дыпломы i ўзнагароды.




Liberty INK Tattoo Studio

Майстар Павал Семенчанка

 

Тату-культура расце і развіваецца па ўсёй Беларусі, таму ўсё больш людзей забіваюцца свядома ў пэўных стылях. У тым ліку і ў Гродне. Сам аддаю перавагу традыцыйнаму стылю і графіцы, у гэтых стылях і б’ю.

 

Людзі розныя прыходзяць. У асноўным гэта цікавыя і прыемныя асобы, з якімі ўвесь сеанс ідзе добры дыялог. Але і не надта прыемных хапае.

 

Прыходзяць забівацца людзі ўсіх узростаў. Быў выпадак, прыходзіла маці з непаўналетняй дачкой, якой тату і рабілі.




RayaTattoo

Майстар Рая Татушкіна

 

Наконт стыляў – стараюся не вылучаць штосьці адно. Густы ў людзей розныя. Дакладна магу сказаць, што робяцца папулярнымі татуіроўкі ў выглядзе беларускага нацыянальнага арнамента.

 

Бывае, прыходзяць людзі з жаданнем зрабіць штосьці накшталт нотак, ці іерогліфаў на запясці, але такіх ужо менш. А ўвогуле, якасная татуіроўка – вынік шчыльнай працы майстра з кліентам. Я стараюся заўжды штосьці раіць кліенту, да кожнага знайсці свой падыход, падабраць штосьці індывідуальнае. Да і ў час працы заўжды размаўляю – што, як, чаму такі выбар. Укладваюся ў кожную працу, таму не паўтараю ўжо зробленую іншаму чалавеку.

 

Узрост у кліентаў розны – ад ледзь паўналетніх да пенсіянераў. Дарослыя людзі пачалі часцей падцягвацца.