Гарадзенскія пляжы рыхтуюцца да купальнага сезону: фота

На гарадскіх пляжах, дзе купанне традыцыйна дазволенае, поўным ходам ідзе падрыхтоўка да пляжнага сезону. На пяску бачныя свежыя разводы ад вусеніцаў трактароў: сюды завозілі свежы пясок. Дзе-нідзе на лавах заўважныя лісточкі з подпісамі «пафарбавана», дзесьці камунальнікі валікамі фарбуюць «грыбкі» ды альтанкі.

Пляж каля ратавальнай станцыі

Пляж каля ратавальнай станцыі

 

Пляж на Юбілейным возеры

Пляж на Юбілейным возеры

 

Праехаўшыся па найбольш папулярных «легальных» пляжах – за бальніцай хуткай дапамогі па тым беразе Нёмана, каля ратавальнай станцыі за БІПам у самым цэнтры ды на возеры Юбілейным – мы не заўважылі аніякага смецця, якое традыцыйна можна заўважыць ужо пад канец лета. Больш за тое, на пляжы за бальніцай нават бярвенні ля вогнішча камунальнікі «апранулі» ў пластык.

Пляж каля бальніцы хуткай дапамогі

Пляж каля бальніцы хуткай дапамогі

 

Па-ранейшаму «дзікімі» застаюцца пляжы ў Румлёва, на крэйдавых кар’ерах ды ў Пышках. Там купанне не дазволенае, камунальнікі не працуюць. Гарадскія ўлады тлумачаць такое становішча тым, што ў выпадку надзвычайных сітуацыяў у гэтыя куткі будзе цяжка пад’ехаць машынам хуткай дапамогі або МНС.