На Аўгустоўскім канале адкрылі новы музей
Высокія чыноўнікі прыехалі з Гродна і Мінска, але ў трохсотысячным Гродне пра мерапрыемства не ведаў амаль ніхто: рэкламы было занадта мала і гэта выразна адбілася на колькасці адпачываючых. Ды і даехаць да шлюза Дамброўка, дзе праходзілі асноўныя мерапрыемствы, можна было толькі прыватным транспартам. Ніякіх дадатковых аўтобусаў не было.
У дадатак да традыцыйных народных спеваў і танцаў, катання на цеплаходзе і паядання шашлыкоў госці свята змаглі прыняць удзел у адкрыцці новага музея Аўгустоўскага канала. Музей пачаў працу ў доміку дазорцы шлюза ў Дамброўцы і сумяшчае інтэр’ерны паказ жытла дазорцы і класічную музейную экспазіцыю. Уласнікам музея будзе гродзенскі Меліявадгас, які будзе арганізоўваць у экспазіцыі спецыяльныя экскурсіі, сумяшчаючы іх з актыўным адпачынкам на канале.
Музей атрымаўся бюджэтны, але акуратны. Усе падпісы зроблены на беларускай мове, хаця лагічна, што для замежных гасцей іх варта было б зрабіць хаця б яшчэ і па-англійску.
Найбольшае ўражанне робіць вельмі прыгожы макет шлюза ў Нямнове, зроблены гродзенцам Ігарам Адасікам. На ім добра бачна, што канал у ХІХ ст. быў сапраўды важнай транспартнай артэрыяй, а не проста месцам адпачынку.
Цікава, што новапаўсталы музей – ужо другі на беларускай частцы канала. Першы быў створаны ў Нямнове мясцовым жыхаром Іванам Зажэцкім яшчэ ў 1990-х гг. Доўгія гады Іван Зажэцкі быў адзіным апекуном выкрэсленага з карт водных шляхоў канала. У канцы 80-х гг. ён стварыў каператыў, дзякуючы якому ўдалося аднавіць размеркавальны шлюз Куркуль. Нікому непатрэбны дом былой канторы канала Іван Зажэцкі набыў у пачатку 1990-х гг. і пасля ягонай смерці гэтым музеем апекуецца ягоная ўдава.
Пяць фактаў пра Аўгустоўскі канал
1. У інжынераў Каралеўства Польскага, якія праектавалі канал, было некалькі варыянтаў правядзення шляху канала. Канал мог злучацца з Нёманам не толькі праз Чорную Ганчу, але яго маглі правесці праз Ласасянку або нёманскую Свіслач. Тады канал мог бы апынуцца проста ў Гродне.
2. У час будоўлі канала ўпершыню на Беларусі была выкарыстана “гідраўлічная вапна” – прасцей кажучы, сучасны бетон. Шлюз у Кужынцы дасюль мае маставыя канструкцыі з гэтага матэрыяла.
3. У падмурках шлюзаў пад вадой дасюль знаходзяцца канструкцыі з моранага дуба. Дрэва, якое ляжыць пад вадой, аказваецца больш трывалым, чым цэгла і камень.
4. Адным з галоўных прадметаў экспарту, які планавалася перавозіць па канале, павінна была стаць соль з шахтаў у Вялічцы недалёка ад Кракава.
5. У міжваенныя гады канал найбольш выкарыстоўваўся ў турыстычных мэтах. Польскія студэнты праз прытокі Прыпяці – Агінскі канал – Шчару – Нёман – Аўгустоўскі канал на байдарках дабіраліся да Варшавы аж са Львова.