Гарадзенская крэпасць: перажыла войны, а ці перажыве “стабільнасць”?

|

Калі выехаць на поўнач ад вёскі Путрышкі, што пад Гродна, здалёк відаць дзіўны аб’ект – ці тое вежу, ці тое каменную свечку. Калі пад’язджаеш бліжэй, пытанняў стае толькі больш. У “свечцы” ёсць уваход, але няма лесвіцы, стаіць яна на пясчанай “падушцы”, а вось адразу за ёй пачынаецца звалка…

 

 

Насамрэч, дзіўная канструкцыя – гэта двухпавярховы нямецкі назіральны пункт, збудаваны ў 1916-1917-м. Гэта частка лініі ўмацаванняў, якую немцы будавалі вакол Гродна. Канструкцыя была ўкапаная ў зямлю, але некалькі год таму на пагорку вырашылі здабываць пясок, таму ўсе падземныя паверхі і апынуліся навідавоку.

 

Ад дажджоў дот неўзабаве спаўзе ды паваліцца на бок


Гэта вельмі прыкра, бо ранейшы выгляд яму не вернеш, – распавядае вайсковы гісторык Зміцер Люцік, – зямлю ніхто дасыпаць назад не будзе. У выніку эрозіі глебы і дажджоў, рана ці позна ён спаўзе і паваліцца на бок. Тады ён ужо будзе канчаткова знішчаны як элемент умацаванняў Гарадзенскай крэпасці”.

 

Гарадзенская крэпасць уключае ў сябе комплекс вайсковых умацаванняў якія збудавалі спачатку расейцы напярэдадні Першай Сусветнай, а пасля, ужо падчас вайны, немцы. Гэта больш за дзясятак бетонных фартоў і дзясяткі дотаў ды назіральных пунктаў, якія месціліся на высотах ды ўздоўж лініі абароны гораду.

 

…Далей на горцы, за смеццевым палігонам, стаіць дот. Калі кар’ер будзе пашырацца – аналагічная доля напаткае і яго. Гэта не такі вялікі аб’ект, таму і знішчыць яго будзе прасцей.

 

Доты ўзрывалі або валілі ў катлаваны

 

“Шмат умацаванняў там было знішчана яшчэ ў савецкія часы падчас сельскагаспадарчых працаў, – працягвае гісторык. – Як нам распавядалі мясцовыя жыхары, доты перашкаджалі апрацоўцы палёў. Таму іх або ўзрывалі з дапамогай салетры, або абкопвалі і спланавана валілі ў катлаван, каб пасля зараўняць пустку”.

 

 

Зусім побач, каля чыгуначнай станцыі Аўльс да дотаў дабраліся… гарадскія могілкі. Некалькі ўмацаванняў, якія яшчэ 5-10 год таму стаялі адасоблена, зараз акружаныя могілкамі, унутры ляжыць смецце.

 

Бетон пілуюць, каб трапіць у казематы

 

Не нашмат лепшае становішча і з некаторымі вялікім фартамі. Напрыклад, форт №4 лічыцца ці не самым добразахаваным фортам Гарадзенскай крэпасці. У адрозненні ад іншых яго не паспелі ўзарваць адступаючыярасейскія войскі. Але і тут ёсць праблемы, сцвярджае навуковец:

 

“У мінулым годзе я заўважыў, што нехта прывозіў туды вялікую машыну для разьбы па бетону і спрабаваў прапілаваць унутры бетонную перамычку, якая закрывае ўваход у казематы. Прапілы добра бачныя і зараз, а вакол усё было ў бетонным пыле. Гэта вар’яцтва…”

 

 

Камізм сітуацыі ў тым, што форт №4 не быў дабудаваны да канца, таму і казематаў не існуе. Калі невядомым удалося б прасвідраваць 1,5-2-мятровы бетонны “корак”, яны б… апынуліся на вуліцы.

 

Насыпалі пагорак памяці – знішчылі фортавыя валы

 

Форт №2, па дарозе на Аўгустоўскі канал лічыцца адным з найвядомейшых і найбольш дагледжаных. Умацаванне было збудаванае напярэдадні Першай сусветнай, але вядомае больш падзеямі часоў нямецкай акупацыі. Сюды групамі звазілі жыхароў Гродна ды расстрэльвалі… У сувязі з гэтым, з боку шашы ад савецкіх часоў стаіць помнік сумуючай маці, а пазней быў насыпаны пагорак, дзе цяпер стаіць крыж.

 

 

Калі будаўнікі ладзілі гэты пагорак, яны моцна пашкодзілі некалькі валоў, якія знаходзяцца ў тыле форту. Грунт для насыпу чамусьці вырашылі ўзяць проста з земляных умацаванняў. Тое, што было знішчана трактарамі і бульдозерамі, зразумела, пасля ўжо ніхто не дасыпаў…

 

У палоне лецішчаў

 

За вёскай Каменка, на паўднёвы захад ад Гродна, стаіць форт №6, які фактычна “узялі ў аблогу” лецішчы. З унутранага боку, дзе месціліся ячэйкі для стральбы, падыйсці немагчыма – усё акружана парканамі ды гаспадарчымі пабудовамі. Унутры ж самога форту гаспадары зямельных надзелаў зладзілі сметніцу.

 

 

“Больш за тое, дачнікі ўсталявалі зверху вялікія рэзервуары для вады, якія часам працякаюць, чым таксама знішчаюць форт, – абураецца Люцік, – Тое, што форт прыняты пад ахову дзяржавы як помнік, відаць, нікога не спыняе”.

 

Побач ёсць бетонныя канструкцыі, на якіх меліся стаяць гэтыя рэзервуары. Але, відаць, каб напор быў большы, нехта дадумаўся паставіць іх яшчэ вышэй…

 

Крадуць нават ахоўныя шыльды, прыкручаныя да сцен

 

Некалькі гадоў таму дзякуючы прафесару Сяргею Піваварчыку, фарты ўключылі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Аднак уласна механізм аховы не распрацаваны: умацаванні знаходзяцца за горадам, часта схаваныя лесам, таму і даглядаць іх могуць хіба леснікі ды памежнікі – хоць гэта і не ўваходзіць у іхныя абавязкі.

 

На фартах з’яўляюцца графіці, знікаюць металёвыя канструкцыі. Напрыклад, чыгунных фортавых дзвярэй засталося зусім вобмаль: іх можна пералічыць на пальцах адной рукі. Але і іх пілуюць – калі не ўдаецца выносіць цалкам, то выпілоўваюць кавалкі, як на форце №13 каля в.Грандзічы. Знікаюць у невядомым напрамку нават ахоўныя шыльды.

 

 

“Смешна, бо гэтыя шыльды часта нават не металёвыя – пафарбаваныя пад метал і прыкручаныя да сцяны, – паціскае плячыма гісторык, – Не ведаю, што людзі з імі робяць: можа ў прыбіральні свае вешаюць або ў кватэры?”


Вакцына ад вандалізму – папулярызацыя гісторыі

 

Люцік тлумачыць, што некалькі разоў адмыслова ездзіў па фартах з прадстаўнікамі мясцовай уладнай вертыкалі. Быў на такіх вандроўках і былы старшыня гарвыканкаму Барыс Казялкоў. Гісторык спадзяецца, што дзякуючы кантактам з уладай у будучыні атрымаецца пазбегнуць хаця б “планавых” знішчэнняў умацаванняў тымі ж старшынямі калгасаў.

 

Добрай вакцынаю ад вандалізму магла б быць папулярызацыя тэмы Гарадзенскай крэпасці, мяркуе гісторык. Калі на фартах і дотах было б больш тлумачальных шыльдаў, туды б ладзіліся экскурсіі ды былі пракладзеныявела-маршруты – выпадкаў знішчэння такіх аб’ектаў было б значна менш.