Моцная плынь Нёмана стала прычынай гібелі двух чалавек у Гродне

|

Два чалавекі патанулі на Нёмане ў Гродне за мінулыя выхадныя, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на вадзе.


Спроба выкупацца ў забароненым месцы каштавала жыцця 34-гадоваму жыхару Гродна. Ён 28 мая адпачываў з сям’ёй у раёне лесапарку Румлёва, зайшоў у вадаём, але моцная плынь падхапіла мужчыну і ён пайшоў пад ваду. “Ратавальнікі са станцыі “Цэнтральная” былі на месцы здарэння праз 10 хвілін. Мужчыну выявілі на дне, праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, аднак выратаваць яго не ўдалося”, – адзначылі ў Гродзенскай абласной арганізацыі выратавання на вадзе. Там падкрэслілі, што бераг Нёмана ў лесапарку Румлёва, нягледзячы на папулярнасць у адпачывальнікаў, лічыцца забароненай для купання зонай. Раней тут планавалі ўладкаваць выратавальны пост, аднак моцная плынь ракі каля самага берага не дазваляе зрабіць адпачынак бяспечным. Акрамя таго, з-за умоў ракі блізка да берага праходзяць суды.

 

А 29 траўня не справіўся з плынню на Нёмане 80-гадовы грамадзянін Расіі. Ён прыехаў у Гродна на пахаванне сваякоў. Выкупацца вырашыў на пляжы ў лесапарку Пышкі. Па словах відавочцаў, мужчына заплыў на сярэдзіну ракі, дзе, падхоплены плынню, знік з вачэй. Пошукавая група арганізацыі выратавання на вадзе працягвае пошукі цела.

 

У арганізацыі выратавання на вадзе нагадалі, што купацца лепш за ўсё ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, у зонах дзеяння выратавальных станцый і пастоў. Вадаёмы, дзе за купаннем назіраюць ратавальнікі, ёсць у кожным раёне Гродзенскай вобласці. Трагічных выпадкаў у зоне дзеяння выратавальных станцый і пастоў за апошнія гады не фіксавалася.