У Беларусі рыхтуюць указ аб спрашчэнні візавага рэжыму
“Мы хочам аблегчыць візавы рэжым для тых, хто жадае прыехаць у Беларусь. МЗС сумесна з іншымі органамі дзяржаўнага кіравання ўзгадняе тэкст адпаведнага ўказа кіраўніка дзяржавы. Цяпер адпрацоўваецца тая частка, якая не дазволіць скарыстацца новымі льготамі нелегальным мігрантам”, – сказаў Дзмітрый Мірончык.
Паводле яго слоў, адкрыццё беларускай граніцы для грамадзян шэрага краін нясе ў сабе вялікія міграцыйныя рызыкі і перспектывы фінансавых затрат, звязаных з дэпартацыяй нелегалаў.
Акрамя таго, беларускія ведамствы ўзгадняюць дакладны і вычарпальны пералік краін, на грамадзян якіх будзе распаўсюджвацца новы льготны рэжым, вызначаюць умовы спрошчаных паездак. “Мы так дасканала адпрацоўваем гэты дакумент, каб не дапусціць таго, каб лібералізацыя візавага рэжыму прывяла да зніжэння ўзроўню стабільнасці і бяспекі ў нашай краіне”, – адзначыў прэс-сакратар.
Дзмітрый Мірончык адзначыў, што пры гэтым галоўная мэта Беларусі – прадэманстраваць адкрытасць, умацаваць міжасобасныя і дзелавыя кантакты з замежнымі краінамі, стварыць перадумовы для росту колькасці паездак у рэспубліку і, адпаведна, для росту даходаў, што атрымліваюцца ад турызму.