Карысна для ўсіх: як у Гродне развіваецца ролерны рух
Спачатку ўсе каталіся жудасна
У плане развіцця ролернага руху Гродна яшчэ далёка да еўрапейскіх гарадоў, у якіх мода на ролікі з’явілася раней і імкліва развіваецца. Аднак, існуе група людзей, якая, не звяртаючы ўвагі на перашкоды, ужо некалькі гадоў стараецца развіваць гэты спорт і тут.
“Сваю дзейнасць мы пачыналі як людзі, якія проста разам катаюцца на роліках, у 2010 годзе. Спачатку мы ўсе каталіся жудасна і ў нас усіх былі жудасныя ролікі”, – распавядае Юлія пра пачаткі гарадзенскай каманды. Аднак, ва ўсіх было вялікае жаданне развівацца і ў канцы першага летняга сезона члены каманды ўжо маглі свабодна катацца па горадзе. Яны часта сустракаліся і ў канцы 2010 года пачалі думаць над назвай для сваёй кампаніі. “Мы думалі вельмі доўга і нічога не прыдумалі, таму і вырашылі стаць проста ГроднаРолерс”, – смяецца Юлія.
У жніўні 2011 года некаторыя з гарадзенскіх ролераў паехалі на свае першыя спаборніцтвы. Там, як успамінае Юлія, усе выступілі вельмі слаба. “З гэтага моманту мы пачалі называць сябе камандай. Мы замовілі сабе майкі. Тыя, хто пачынаў катацца ў 2011 годзе, дагэтуль з намі. Ніхто нікуды не прапаў”.
Ролер-школа паўстала спантанна
Тое, што сёння ГроднаРолерс – група, якая ад пачатку трымаецца разам, – вынік сталай працы, не толькі ў плане спартыўнага развіцця, але і сацыяльнага. “Мы вельмі баяліся зімніх сезонаў, таму што не было памяшканняў і не было дзе катацца. Самай галоўнай задачай было не згубіць людзей. Таму ўзімку мы хадзілі ў кіно, катацца на каньках, санках і дзякуючы таму ў пачатку сезону мы сабраліся нанова ў поўным камплекце”.
Каманда развівалася, удзельнікі пачалі займацца фры-скейцінгам. А ролер-школа пачала працу вельмі спантанна, з патрэбы і зацікаўленасці гарадзенцаў. “Мы шмат каталіся па горадзе і калі прыязджалі ў Пышкі, людзі звярталіся да нас па дапамогу. Мы вырашылі арганізаваць бясплатную ролер-школу”. Каманда прысвячала гэтай дзейнасці шмат часу, дамаўлялася з дзеткамі, таксама індывідуальна, прыязджала займацца з імі ў Пышках.
Зараз школа працуе ўжо на камерцыйнай аснове – каманда займаецца з дзеткам па абанементах, у асноўным у Пышках, таму што тут добры асфальт. У школе можна займацца ў групах або індывідуальна – залежыць ад узроўню і тэпераменту. “Канешне, калі дзеці займаюцца ў групе, развіццё ідзе хутчэй”, – распавядае Юлія.
Выбраць ролікі няпроста
Школа вучыць катацца не толькі дзетак, але таксама праводзіць курсы для бацькоў. Напрыклад, у гэтым годзе на традыцыйным адкрыцці ролернага сезону ў Пышках яны распавядалі, як выбраць адпаведныя ролікі. “Я, як прадавец ролікаў, вельмі часта сутыкаюся з бацькамі і разумею, наколькі цяжка выбраць”.
Тыя, хто выхоўваўся ў 90-я ці раней, добра памятаюць пытанне: “А ў цябе з чаго колы?” і адказ: “У мяне з каўчуку!” Такі адказ быў тады самым лепшым, хоць такіх колаў у прыродзе не існуе. Тады можна было купіць ролікі з коламі з пластыку, гумы… Сёння сітуацыя не такая дрэнная, стэрэатып пра каўчукавыя колы адыходзіць, але, як заўважае Юлія, і не зусім добрая. Якасных ролікаў не хапае, а кепскія могуць адбіць у дзіцяці ахвоту ездзіць, бо ў яго не будзе атрымлівацца. Ролікі павінны добра трымаць ногу, быць камфортнымі. Яны дапасуюцца да ногі, таму на іх павінен катацца выключна ўласнік. Добрыя ролікі будуць служыць некалькі сезонаў.
Дзіця можа пачаць з таго моманту, калі першы памер ролікаў пачне яму падыходзіць. Усе дзіцячыя ролікі рассоўныя, значыць, іх хопіць на два-тры сезоны. Важна таксама ахова і абавязкова шлем. Без ахоўных элементаў развіццё ўменняў не ідзе так добра: па першае, страшна падаць, а па-другое, гэта проста небяспечна.
Ролікі – спорт карысны для здароўя
У ролер-школу прыходзяць у асноўным дзеткі, але Юлія з захапленнем распавядае пра ролера-пенсіянера, які катаецца з камандай ужо некалькі сезонаў. Дарэчы, на захадзе нескладана сустрэць на роліках пенсіянераў. Гэта таму, што ролікі – спорт карысны для ўсіх і многія хваробы не замінаюць на іх катацца.
“Ролерны спорт развівае мышцы, таксама тыя, якімі мы не часта карыстаемся ў жыцці. Таксама ролікі развіваюць рэакцыю”, – распавядае Юлія. На роліках можна катацца людзям з хворай спінною ці каленямі, кажа яна і дадае: “Канешне, не па плітцы”.
Ролікі не з’яўляюцца цяжарам для нашых суставаў. Ролікі належыць да групы кардыё-спортаў – гэта азначае, што яны ўзмацняюць сэрца і пазітыўна ўплываюць на сардэчна-сасудзістую сістэму, падымаюць кандыцыю. Што зацікавіць жаночую частку чытачоў – ролікі значна паляпшаюць выгляд ног, рэгулярная язда на іх спрыяе пахудзенню.
Умоваў для развіцця ў Гродне не хапае
Юлія не толькі вядзе заняткі ў ролер-школы, яна вырашыла таксама адкрыць краму з ролікамі, таму што ў горадзе тады – чатыры гады таму – было вельмі вялікае запатрабаванне на добрыя ролікі, якія раней трэба было замаўляць з Масквы. “Калі толькі адкрылася крама, спорт у нашым горадзе пачаў развівацца больш масава. Людзі пачалі цікавіцца рознымі напрамкамі спорту і перайшлі на больш высокі ўзровень”. У гродзенскай камандзе пакуль зорак высокага ўзроўню няма, але такіх, па словах Юліі, не так шмат і ва усей Беларусі.
Для развіцця патрэбныя не толькі жаданне і самаахвярнасць, але таксама добрыя ўмовы – і ролікі, і пляцоўкі для катання. “У нашым горадзе пакуль добрых умоў для развіцця гэтага спорту няма. Вялікая праблема – адсутнасць зімняга памяшкання, дзе ролеры маглі бы трэніравацца па-за сезонам”. Зараз яны ўжо два гады без такой магчымасці, у пастаянных пошуках.
Адсутнасць у Гродне добрага асфальту – вялікая перашкода. “Увесь горад плітачны. Гэта праблема і ролераў, і веласіпедыстаў. Нават у Беластоку ўсюды веладарожкі, якія падыходзяць і для ролераў”. Аднак гэта не адзіная праблема гарадзенскіх ролераў. Юлія ўжо некалькі гадоў стараецца вырашыць праблему з зімовым памяшканнем, але пакуль месца, дзе можна было бы катацца па-за летнім сезонам, няма. Ролеры некалькі гадоў каталіся ў зачыненым ужо клубе Альфа Цэнтаўра, але ўжо два сезоны як не знаходзяць новага памяшкання. “Праблема ў культуры і ў тым, што горад не зацікаўлены, каб гэта развівалася”, – кажа Юлія.
Асноўнае, што падкрэслівае Юлія: ролікі – гэта не спорт з нейкай мэтай, у ім не трэба быць прафесіяналам, бо гэта проста вельмі добрае хобі. “Прыходзіць ахвота, проста ўзяў ролікі і пайшоў катацца”.
Першае фота: Сяргей Марозаў