Бетон замест гісторыі: як прагрэсіўныя тэхналогіі ў будаўніцтве зробяць гарадзенскіх археолагаў беспрацоўнымі
Гісторыя пачалася ў канцы 2000-х гг., калі на хвалі будаўнічага бума ў Беларусі і татальнага недахопу будматэрыялаў улады вырашылі мадэрнізаваць і значна павялічыць вытворчасць цэменту. Бліжэй да 2013 г. запрацавалі новыя магутнасці ў Краснасельскім ды Крычаве. Праўда, неўзабаве бум скончыўся, цэмента стала аж зашмат, а крэдыты на будаўніцтва новых вытворчасцей, узятыя ў кітайцаў, хутка трэба будзе вяртаць.
Таму не трэба быць прарокам, каб прадказаць, што з бетону ў Беларусі цяпер будуць будаваць вельмі многа. Так будзе абывацца нават тады, калі бетоннае будаўніцтва акажацца даражэйшым за якое-кольвек іншае. А на Гродзеншчыне будуць бетанаваць і цэментаваць асабліва шмат, бо ў нас знаходзіцца Краснасельскі цэментны камбінат, а ўласную вытворчасць трэба падтрымліваць. Тым больш, нашаму рэгіёну не стае некаторых іншых будаўнічых матэрыялаў, напрыклад асфальта.
Памятаецца, яшчэ Сямён Шапіра ў сваю бытнасць старшынёй Гродзенскага аблвыканкама казаў, што вобласці патрэбен уласны асфальтавы завод. Вось ужо і з’явілася першая бетонка ў Гродне. Быццам яна больш трывалая і даўгавечная, хаця значна даражэйшая, чым такая самая дарога з асфальта.
Ёсць яшчэ як мінімум адна сфера прыкладання “бетонных рэсурсаў” краіны. Гэта будаўніцтва з дапамогай буранабіўных сваяў, а таксама бетонныя маналіты. У гістарычным цэнтры Гродна ўжо два будынкі, узведзеныя з выкарыстаннем буранабіўных сваяў. Гэта офісны будынак па Замкавай 23, які паўстаў на месцы былой чытальнай залы абласной бібліятэкі, а таксама дом па адрасе Карла Маркса, 22. Апошні развальвалі на працягу некалькіх гадоў, абяцаючы спачатку захаваць аўтэнтычны фасад, а пасля цалкам разбурыўшы.
Буранабіўныя сваі замяняюць падмурак дома, таму замест таго, каб капаць вялікі катлаван для фундамента, трэба толькі забіць у глебу дзясятак-другі сваяў і ўжо можна мураваць увесь будынак цалкам.
Здаецца, усё добра, але з будаўніцтвам такіх дамоў у гістарычным цэнтры з’яўляецца адна вялікая праблема. Тыя, хто ўзводзяць дамы пры дапамозе буранабіўных сваяў, не павінны праводзіць на месцы будоўлі археалагічных раскопак. Тое, што трэба было б пяшчотна раскапаць у выпадку капання катлавана пад падмурак, цяпер НАЗАЎСЁДЫ будзе схавана пад канструкцыяй новага бетоннага монстра.
У выпадку, калі такая тэхналогія разыдзецца па Гродне, нашаму гораду неўзабаве ўвогуле стануць непатрэбныя археолагі і мы перастанем нават марыць пра тое, што Гродна некалі будзе даследаваны належным чынам.
Прагрэс, што называецца, спыніць нельга, але можна прыняць закон аб абавязковым археалагічным наглядзе за ЛЮБОЙ будоўляй на тэрыторыі Беларусі, аналагічны таму, які дзейнічае ў Вялікабрытаніі. Таксама трэба прыняць дакумент, па якому любыя земляныя працы ў Гродне будуць папярэджаны абавязковымі археалагічнымі раскопкамі. Такі закон быў бы для архелагічнай справы ў Беларусі куды больш карысны, чым нядаўна прыняты “закон або трох чарапках”, які забараняе прыватным асобам карыстацца ўласнымі металашукальнікамі ў мэтах пошуку археалагічных артэфактаў.
Фота: Мечыслаў Супрон