180 км. у гадзіну па сустрэчнай паласе
“Фольксваген-Джэта”, які рабіў дзіўныя выкрунтасы на адной з вуліц Шчучына, заўважылі супрацоўнікі шчучынскай міліцыі. Спроба спыніць іншамарку не ўдалася, бо яе кіроўца націснуў на газ ды даў дзёру ў бок Гродна. На адным з кавалкаў дарогі на хуткасці 180 км. у гадзіну ён выляцеў на сустрэчную паласу і мог нарабіць бяды. На шчасце, у пачатку на 11-ю начы на трасе не было шмат машын.
Бліжэй да Гродна да пагоні далучыліся супрацоўнікі Гарадзенскай ДАІ. Спыніць іншамарку змаглі толькі ля Абухава. Кіроўца, аднак, зачыніўся ў машыне і адмаўляўся выходзіць з яе. Міліцыянтам давялося выбіць бакавое шкло, каб дастаць парушальніка. Аднак той і далей працягваў супраціўляцца.
Высветлілася, што 45-гадовы жыхар Шчучына быў такі п’яны, што добра не ўсведамляў, што адбываецца.
У міліцыі на яго склалі 5 адміністратыўных пратаколаў.