Да 75-годдзя нападу Германіі на СССР. Гісторык Вадзім Шорах: Лінія Молатава будавалася для наступальных мэтаў

|

 

– Ці ёсьць у гісторыі Беларусі прыклады нашай нацыянальнай фартыфікацыі?


– Уся абарончая архітэктура да XVIII ст: замкі, бастыённыя ўмацаванні, якія засталіся на беларускай зямлі – і ёсць нашая фартыфікацыя, ну а пасьля Другой Святовай вайны – фактычна толькі бомбасховішчы ды вучэбныя палігонныя ўмацаванні, якія вельмі часта таксама з’яўляюцца спадчынай Савецкай Арміі. Вось ва Ўкраіне у звязку з баявымі дзеяннямі акурат узводзяцца сучасныя нацыянальныя фартыфікацыі…

 

– Атрымліваецца, што цябе, Вадзіме, цікавіць акупацыйная, ў прынцыпе, фартыфікацыя?


– Выходзіць, так. Што зробіш: усе, хто сюды прыходзіў (а прыходзілі асабліва цягам ХХ ст. іншаземныя войскі, даволі рэгулярна і часта) імкнуліся тут замацавацца трывала.

 

–  Ці чужынскія ўлады, якія ўзводзілі гэтыя абарончыя збудаванні, ставілі на мэце ня толькі практычнае іх значэнне, але таксама прапагандысцкае?


– Ну, у нейкім сэнсе гэта закранула маё роднае Берасце. Ці можаце мне назваць яшчэ нейкі горад у Еўропе, а можа і ў свеце, які поўнасцю знішчылі для будаўніцтва на яго месцы крэпасці – як велічы сваёй імпэрыі?!

 

– Дык у чым тады каштоўнасьць для Беларусі парэштак тых фартыфікацыяў, якія пакінулі нам розныя чужынскія ўлады?


– Так ужо сталася, што Беларусь у сучасным разуменні і ў сучасных палітычных межах утварылася незалежнай дзяржавай толькі 25 гадоў таму. А значыць гісторыя Беларусі апошніх 200 гадоў хочаш не хочаш ёсць складовай часткай гісторыяў тых дзяржаўных утварэнняў, у якія беларуская зямля ўваходзіла. Адпаведна можна ўявіць, на што гэтыя дзяржавы разлічвалі.

 

– Слухай, давай я справакую. Гэта не нашая спадчына, не беларуская, не нацыянальная. Як і ўсе гэтыя леніны і сталіны , якія стаяць па сённяшні дзень на плошчах нашых гарадоў і мястэчак, гэта сведчанне, гэта помнікі іхнай тут прысутнасці, іхных мілітарных заваёваў, помнікі іхных ратных подзвігаў, чужынскіх вайсковых фармаванняў. Гэта ж – варожая фартыфікацыя. Можа ўсе гэтыя іхныя фарты і ДОТы увогуле кінуць да чорта! Няма чаго беларусам прысвячаць дзеля іх сваю ўвагу! Як ты абароніш прадмет сваіх навуковых інтарэсаў?


– Дык гэта ж і ёсць той самы доказ ад супраціўнага!  Яны былі тут і зышлі, і ад іх засталіся толькі помнікі, якія можна разглядаць як “рожкі ды ножкі” па іх. Раз нехта быў і нехта зыйшоў – значыць прайшоў іх час. А час які прайшоў – ён жа і з’яўляецца хлебам гісторыка. Усе гэтыя збудаванні ўзводзіліся дзеля ваенных канфліктаў, у якіх беларусы як нацыя не з’яўляліся ваюючым бокам. А значыць, мы можам больш аб’ектыўна вывучаць і ацэньваць парэшткі і артэфакты тых эпохаў.

 

– Чым могуць зацікавіць парэшткі фартыфікацыяў ХІХ-ХХ ст.  звыклага турыста-абываталя?


– Кожная фартыфікацыя – гэта ўсё ж від архітэктуры! Як можна зацікавіцца тым жа старажытным замкам?! Вядома, тым, што замкі  старыя, больш гістарычныя. Дык тым больш трэба захаваць гэтыя  сучасныя фартыфікацыі, каб праз якіх 300 гадоў нашыя нашчадкі таксама маглі імі захапляцца, вывучаць іх. Таксама цікавы аспект прыкладнога вывучэння фартыфікацыянага будаўніцтва. Напрыклад, зараз калі вядуць каркасна-бетоннае будаўніцтва, спачатку робяць арматурны каркас, які паступова заліваюць бетонам. Дык вось упершыню ў нас гэтая тэхналогія была выпрабаваная на фартах напярэдадні Першай Святовай вайны! Навогул бетон шырока пачаў выкарыстоўвацца ў першай палове ХІХ ст., але доўгі час гэты матэрыял не ўжывалі для будаўніцтва памяшканняў для ўкрыцця людзей, паколькі такі будынак хутка сырэе ўнутры. Вось зойдзем нават у Берасьцейскія, цагляныя, фарты 1870-х гадоў – там суха, а зойдзем у бетонныя збудаванні той жа гарадзенскай крэпасьці – вільгаць круглы год.

 

 

Гарадзенскі форт №4

 

– Раз мы ўзгадалі гарадзенскія фарты, якім таксама прысвечаны раздзел у тваёй апошняй кнізе, скажы, ці ёсьць нешта непаўторнае, незвычайнае ў параўнанні з іншымі крэпасцямі таго часу, як расійскімі так і сярод тагачасных умацаванняў Еўропы?


– У фартах гарадзенскай крэпасьці ёсьць адна унікальная з’ява – іх будавалі надзвычай хуткімі тэмпамі. У 1912 годзе толькі дурань не разумеў, што вось-вось выбухне вайна. Трэба было зрабіць хоць нейкую абарону, а пасля яе ўдасканальваць і ўмець дастасаваць да абароны на кожным этапе будаўніцтва. Таму пачалі іх будаваць з таго, што проста выкапалі ірвы, пасля пачалі заліваць бетон. Збольшага паспелі толькі брустверы і падбрустверныя галереі зрабіць. Далей павінны былі будаваць кофры для іх прастрэлу… Вось гарадзенскія фарты акурат і застылі на гэтым этапе: паміж падбруствернымі галерэямі і кофрамі ў ірвах. Такога больш няма нідзе.

 

– Гарадзенскую крэпасць часта называюць апошняй крэпасцю Расійскай Імпэрыі. Ці можам мы дадаць таксама, што яна адзіная крэпасць, якая так і не была скончаная?


– Гледзячы, што лічыць скончанасцю … Калі казаць пра фартыфікацыйнае будаўніцтва, дык у гарадзенскай крэпасці ніводзін форт не быў на 100 адсоткаў скончаны. У іншых крэпасцях: навагеоргіеўскай, асавецкай, ковенскай, берасцейскай – хоць некалькі фартоў, але былі цалкам скончаныя ў будаўніцтве. У адрозненні ад фартоў берасцейскай крэпасці, аснашчанай баявымі капанірамі, на гарадзенскіх фартах няма агнявых збудаванняў – баявых казематаў, з якіх можна было страляць. Толькі падбруствэрныя галерэі, каб людзям было дзе схавацца, ды бруствер, які, давайце прызнаем, недалёка адыйшоў ад звыклага акопа …

 

 

Гарадзенскі форт №4

 

– А датычна лініі Молатава, ці ў параўнанні з тым жа Берасьцейскім Умацаваным Раёнам (УРам) – ёсьць нейкія адметныя асаблівасьці ў Гарадзенскага УРа?


– Тут у вас вельмі моцны напор зроблены на супрацьтанкавую абарону. Напрыклад, пад Берасцем з тых, што засталіся на беларускай частцы 78 ДОТаў, у нас ня больш за 30 супрацьтанкавых гармат, а ў вас на 73  ДОТа – 78 гармат! Фактычна, на гарадзенскім УРы асноўны ДОТ – з двума альбо нават трыма гарматамі. У вас проста каласальная шчыльнасьць супрацьтанкавай абароны.

 

–  Гэта азначае, што і масаваныя танкавыя ўдары чакаць плянавалася з гэтых кірункаў?


– Так. Скажам, ёсць дзве дарогі з Сапоцкіна на поўнач: на Кадыш і ў кірунку Калетаў. Кожная з іх прастрэльваецца скрыжаваным агнём мінімум 16 процітанкавых гарматаў. Гэтыя дарогі – найпрасцейшы шлях на Горадню з нямецкага кліна, які паводле праведзенай тут у 1939 годзе дэмаркацыі амаль сягаў Нёмана. Не ўзяўшы Сапоцкіна, немцам трэба было б альбо фарсаваць Нёман, альбо рабіць велізарны крук на захад.

 

– Ці ёсьць прыклады міфатворчасці, звязаныя з гісторыяй фартыфікацыяў ў Беларусі?


– Ну, тут бадай найбольш шырока агучаным міфам ёсць “Лінія Сталіна”. Упершыню так яе назвалі немцы ў 1941. Гэта быў скажам такі ідэалагічны пункт вайсковай славы вермахта: захапілі лінію Мажыно ў Францыі, лінію Метаксаса ў Грэцыі, ну і нарэшце на подступах да сталіцы БССР – лінію “Сталіна”… Раз я ўжо пачаў расповед пра гэтую глыбока заідэалагізаваную турыстычную Мекку, дык звярну ўвагу на маскіровачную афарбоўку галоўнага ДОТа комплекса. Паглядзіце: не стандартны савецкі, а  НАТОўскі (з дадаткам карычневага) камуфляж!!!

 

 Дот на лініі Сталіна

 

– Ну а калі ўзяць так званую Лінію Молатава – Гарадзенскі і Берасцейскі УРы?


– Міф – “звышустойлівасць” абаронцаў гэтых УРаў у чэрвені 1941. Часта ДОТы былі ўкамплектаваныя выхадцамі з Заходняй Беларусі і асабліва Заходняй Украіны. Ваяваць за савецкую краіну гэтыя хлопцы не гарэлі жаданнем. Напрыклад, гарнізон Берасцейскай крэпасці складаў 5000 чалавек, а бралі ўдзел у абароне 1000 чалавек. Пытанне: дзе падзеліся астатнія 4000?!… Паверце, нешта падобнае было паўсюль на УРах. Былі прыклады, калі чырвонаармейцы сабатавалі заклікі камандзіра абараняцца – проста збівалі яго і здаваліся вермахту. Ды вы проста ўявіце сабе звыклага байца – не савецкага патрыёта і не нейкага адмыслова навучанага, а простага хлопца дзе-небудзь з-пад Навагарадка. Загнаць такога ў ДОТ, адкуль у выпадку акружэння ўжо не вылезеш – ух, як складана… Адна справа – акоп, з якога ў кожны момант можна адступіць, другая – закупораная бетонная скрыня.

 

 

 Дот гарадзенскага УРа

 

І яшчэ адзін міф, які ў стане зрынуць толькі адмыслоўцы. Лінія Молатава будавалася для наступальных мэтаў, а калі ўсё-ж дапусціць, што будавалі яе як абарончую, дык тады проста з недапушчальнымі памылкамі – што ва ўмовах татальнага кантролю ды досведу, атрыманага пры штурме лініі Манэргейма – проста малаверагодна. Берасцейскі УР дакладна збудавалі з мэтай, што Чырвоная Армія будзе наступаць першай. Гэта супрацьконтраўдарны УР! Не супраць стратэгічнага ўдару, а менавіта каб супрацьстаяць контраўдару!

 

– Дык а ці можна гэта сцвердзіць і аб кавалку Лініі Молатава на гарадзенскім напрамку?


– Часткова, так. Як я казаў, на Гарадзенскі УР было разлічана шмат супрацьтанкавых гарматаў, але звярніце ўвагу на тонкі ланцужок гэтай лініі – ніякай глыбокаэшаланаванай абароны! А на польскім кавалку Гарадзенскага УРа лінія ДОТаў яшчэ радзейшая – адлегласць паміж капанірамі ў два разы большая чым на беларускім кавалку. Для стратэгічнага наступлення вермахта – гэта пшык. А для контраўдару асобных нямецкіх частак нават слабы УР – можа стацца поўнай неспадзянкай. Мала таго, ва ўмовах шырокай аўтаноміі асобных частак вермахта тое ці іншае падраздзяленне маглі не падтрымаць у контранаступленні суседнія часткі. Чаму савецкія УРы так хутка палі ў чэрвені 1941? Бо іх акружылі падчас стратэгічнага наступлення, на што яны ніяк не былі разлічаныя…

 

 

Фота аўтара