Заплаціць па рахунках і назапасіцца наяўнымі грашыма: 7 рэчаў, якія трэба зрабіць да дэнамінацыі
Tut.by склаў “напамінальнік” аб важных справах, якія лепш зрабіць напярэдадні дня “Д”.
Назапасьцеся наяўнымі
Толькі без фанатызму! Банкі ўжо пачалі папярэджваць сваіх кліентаў пра складанасці працы ў пераходны перыяд. Вядома дакладна, што з вечара 30 чэрвеня і да раніцы 1 ліпеня карткі ўсіх нашых банкаў працаваць не будуць. Як у Беларусі, так і за яе межамі.
Засядзеліся ў кафэ ўвечары напярэдадні, адпачываеце за мяжой, збіраецеся кудысьці ранняй раніцай у пятніцу – для такіх сітуацый у гэтыя дні лепш мець у кашальку не толькі “пластык”, але і банкноты.
І хоць карткі абяцаюць “запусціць” да 7-10 раніцы 1 ліпеня (час можа мяняцца ў залежнасці ад канкрэтнага банка), спецыялісты раяць зняць гатоўку з разлікам да 3-4 ліпеня. Бо не факт, што, да прыкладу, тэрміналы ў краме каля вашай хаты хутка пераналадзіць на новыя грошы.
Назапасіцца наяўнымі банкі раяць да 29-30 чэрвеня, а не адкладаць гэта на апошні момант. Справа ў тым, што траціна банкаматаў у краіне з 1 ліпеня пачнуць выдаваць толькі новыя купюры, а гэта значыць, што напярэдадні яны працаваць не будуць.
Заплаціце за камуналку, інтэрнэт, тэлефон
Спецыялісты кажуць, што без збояў інтэрнэт-банкінг і іншыя сістэмы дыстанцыйнага абслугоўвання будуць працаваць да абеду (вечара) 30 чэрвеня. З 23.00 банкі дружна пачнуць пераўсталёўваць праграмнае забеспячэнне і рэзаць нулі на нашых рахунках. Многія адновяць працу сістэм толькі раніцай 4 ліпеня.
Таму калі вам трэба зрабіць нейкія плацяжы ў гэтыя тэрміны, займіцеся гэтым цяпер. Да таго ж, улічыце, што ў гэтыя дні і банкаўскія аддзяленні таксама будуць працаваць па адмысловым рэжыму.
Заплаціце падаткі
Тычыцца гэты пункт двух катэгорый: іпэшнікаў, якія плацяць адзіны падатак, а таксама тых, хто здае кватэры. Усе яны маюць права разлічыцца з казной да 1 ліпеня ўключна. Але падатковая папярэдзіла: з-за асаблівага рэжыму работы банкаў плацяжы могуць не прайсці, а саступак з-за дэнамінацыі рабіць не будуць – адразу налічаць пеню.
Занясіце плацёж па крэдыце
Тут сітуацыя залежыць ад канкрэтнага банка. Таму, калі дата ўнясення чарговага плацяжу выпадае на 30 чэрвеня – 3 ліпеня, не палянуецеся патэлефанаваць у аддзяленне банка, дзе афармлялі крэдыт і ўдакладніць усе нюансы.
Адны банкі (напрыклад, Альфа-Банк, МТБанк) рэкамендуюць зрабіць плацяжы па крэдытах загадзя – да 29 чэрвеня. А вось іншыя (напрыклад, Прыорбанк) дазволілі пагасіць запазычанасць без штрафных санкцый 4 ліпеня (датычыцца выпадкаў, калі дата ўнясення плацяжу выпадае на 1-3 ліпеня).
Абмяняць валюту
Таксама як і аддзяленні банкаў, абменнікі ў першыя дні пасля дэнамінацыі будуць працаваць ва “ўсечаным” рэжыме. Таму калі вам трэба здаць або купіць валюту, зрабіць гэта лепш да 30 чэрвеня або адкласці гэтыя аперацыі на панядзелак, 4 ліпеня.
Тым больш, што з 30 чэрвеня па 3 ліпеня ўключна таргі на біржы праводзіцца не будуць, а гэта значыць, што і курс у гэтыя чатыры дні не зменіцца.
Разбярыцеся з аўтааплатай
Тым, у каго наладжаны сэрвіс “Аўтааплата” (грошы за пэўныя паслугі спісваюцца з рахунку аўтаматычна), таксама варта даведацца ў сваім банку, якія дзеянні трэба распачаць.
У некаторых выпадках паслугу прыйдзецца перааформіць, а для гэтага трэба будзе пад’ехаць у аддзяленне. Акрамя таго, калі нейкія плацяжы ў “Аўтааплаце” настроены на 30-е ці 1-е чысло, то ёсць верагоднасць, што яны могуць не прайсці.
Раскажыце дзецям аб новых купюрах і манетах
Калі ваша дзіця мае кішэнныя грошы і ходзіць за нейкімі дробнымі пакупкамі ў краму, то варта расказаць яму аб дэнамінацыі падрабязней. З улікам рэкамендацыі Нацбанка старацца выдаваць рэшту новымі грашыма, купюры без нулёў або манеты даволі хутка могуць апынуцца ў руках і вашага малога. І калі нават касіры ў краме баяцца памыліцца, то што ўжо казаць пра дзяцей.