Як зрабіць ZASADу. Аляксандр Шышко расказвае пра свой гарадзенскі квэст-рум – альтэрнатыву барам і клубам
З кім гутарым: Аляксандр Шышко, 26 гадоў, фінансіст паводле адукацыі. Арганізоўвае вечарыны ды імпрэзы.
Чым займаюцца: cтварэннем альтэрнатыўнага віду адпачынку.
Дата заснавання: кастрычнік 2015 года
Структура: 3 чалавекі
Гісторыя Аляксандра
– Мне 26 гадоў, нарадзіўся я ў Горадні. Цяпер займаюся арганізацыяй розных імпрэзаў: ад карпаратываў да ўсялякіх рэкламных кампаніяў. Працую ў гэтай сферы ўжо каля пяці гадоў.
Я скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Фінансы і крэдыт». Паводле адукацыі я фінансіст, але ў прафесіі ніколі не працаваў. Мяне зусім не цікавяць сухія лічбы. Яшчэ падчас навучання заўважыў у сябе здольнасць да арганізатарства, але займацца мерапрыемствамі сур’ёзна пачаў толькі пасля ўніверсітэту.
Тады паўстала пытанне: працаваць па найме або на сябе. Выбраць было вельмі цяжка, першыя два гады прайшлі няпроста, сёння ўжо крыху лепей. Але ж, усё роўна, час цяпер напружаны, асабліва ў маёй сферы.
«Нашая каманда мала думала і шмат рабіла»
Што датычыць нашага праекту ZASADA, то ідэя стварыць такую штуку прыйшла выпадкова. Аднойчы я трапіў у адзін квэст-рум у Менску, пагуляў, і мне спадабалася. Вельмі спадабалася. Захацелася зрабіць нешта падобнае ў Горадні. Усё ж такі квэст – гэта таксама мерапрыемства, хай і маленькае, хай і даўжынёй гадзіну.
Гэтак, ідэю я прынёс дадому, сабраў каманду аднадумцаў і мы пачалі.
Як зрабіць ZASADу
– Ад з’яўлення ідэі зрабіць квэст-рум да яго адкрыцця прайшло дзесьці два-тры месяцы. Нашая каманда мала думала і шмат рабіла. Мне блізкая такая пазіцыя, насамрэч: трэба варушыцца, а не сядзець. Так мы пахадзілі па розных квэстах, зразумелі сэнс гэтай штукі, распрацавалі самастойна сцэнар і тэрмінова пачалі шукаць памяшканне. Рабілі ўсё самі: як бачылі будучы квэст-рум, гэтак збольшага і атрымалася.
Для Горадні ZASADA – з’ява даволі новая. Мы былі толькі другімі з ліку, хто пачаў рабіць такія штукі тут. Па сутнасці, наш квэст-рум – гэта памяшканне, дзе зададзены пэўны сцэнар, паводле якога ўсё будуецца вакол прынцыпу «выйсці з пакою».
Гэтак, цяпер мы маем два квэсты: «Ідэальнае выкрыццё» і «Адрэналін». Яны адрозніваюцца адзін ад аднаго як паводле ідэі, гэтак і паводле напаўнення, але ж абодва вельмі тэхналагічныя, над імі працаваў добры адмысловец, таму шмат чаго непрадказальнага і незвычайнага сустракаецца для гасцей.
«Мы хочам паказаць людзям, што ёсць альтэрнатыва барам і клубам»
«Ідэальнае выкрыццё» − гэта гісторыя пра тое, як адмысловыя агенты пранікаюць у дом галавы дабрачыннага фонду, які пад прыкрыццём карысных справаў крадзе грошы. Вось іх і трэба забраць, а таксама раскрыць злачынства. За час гульні наведнікі пераадольваюць розныя сістэмы бяспекі, разгадваюць лагічныя загадкі. Мы стараліся не «мудрыць», бо разумелі, што калі зрабіць якую-небудзь вельмі складаную гульню, то людзям не будзе гэта цікава.
Насамрэч, шмат людзей больш любяць здагадвацца, чымся думаць. Гэта нам падказаў другі квэст, у якім дзе-нідзе трэба напружваць мозг.
Людзі часам лічаць, што нецікава губляць на разгадку 5–7 хвілінаў.
Пра мэты і жаданні
– Хлопцы, якія трымаюць квэст-румы ў Менску і якія гулялі ў нас, кажуць, што наш праект не горшы за сталічныя. Але Горадня – горад даволі павольны, усе новыя ідэі, квэст-рум у тым ліку, прыжываюцца марудна.
Дзеля таго, каб у ZASADA хадзілі натоўпы, трэба, каб прайшоў пэўны час і адкрылася шмат іншых якасных квэстаў, каб было з чым параўнаць. На гэты момант у Горадні ёсць добрыя квэст-румы і, скажам, не зусім. І тыя, што менш якасныя, захопліваюць рынак. Людзі прыходзяць туды, іхнае першае ўражанне не самае лепшае. А яно, вядома, моцнае. Так гэты квэст, а разам з ім і астатнія страчваюць кліентаў.
Я лічу, што гэтую праблему вырашыць час: кліент заўсёды сам расставіць усё на свае месцы. Нам проста патрэбныя добрыя гульцы на рынку, нас выратуюць цікавыя квэсты-канкурэнты, якія будуць з’яўляцца побач.
«Насамрэч, шмат людзей больш любяць здагадвацца, чымся думаць»
На жаль, у горадзе зусім няма якаснай інфраструктуры забаваў і адпачынку. Свой вольны час людзі праводзяць даволі банальна: кіно, бар ці клуб. Я не ведаю, чаму так склалася, мабыць, калі б ведаў, мог бы штосьці змяніць ужо даўно.
Мы заўсёды намагаемся стаць лепей. Увесь час запрашаем кліентаў, падглядаем, што адбываецца ў Менску, Маскве, Пецярбургу, спрабуем скарыстаць досвед іншых. Нам цікава ўсё новае і класнае, што магчыма зрабіць у горадзе.
Нетрывіяльны адпачынак – гэта галоўная мэта, якую мы ставім перад сабою. Хочацца паказаць людзям, што ёсць альтэрнатыва барам і клубам. Калі мы толькі пачалі працаваць, то думалі, да нас будуць прыходзіць «тусоўшчыкі», але выйшла інакш. Нашыя кліенты – людзі ад 25 да 30 гадоў, працаўнікі офісаў, сем’і ды маладыя пары.
У Гродне адкрываецца яшчэ адзін квэст-рум, дзе можна стаць вязнем iнквізіцыі ці сапраўдным шпіёнам
Відэарэпартаж: “Твой стыль” у першым гарадзенскім квэст-руме Quester
Можна сказаць, мы дапамагаем нараджацца класным штукам. Дзесьці месяц таму хлопец зрабіў сваёй каханай прапанову ажаніцца. Пад гукі сірэнаў і сігналізацыяў, у запале гульні ён прысеў на калена і дастаў з кішэні кальцо. У дзяўчыны былі фантастычныя эмоцыі. І гэта крута. Дзеля гэтага мы працуем.
Тэкст by Сцяпан Балашоў
Фота by Leah Skuridina