Сусветны банк выдзяляе пазыку ў памеры $250 млн на рэканструкцыю аўтадарогі М6

|

Сусветны банк выдзяляе пазыку ў памеры $250 млн на рэканструкцыю аўтадарогі М6. Аб гэтым паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка (СБ) у Беларусі Ян Чул Кім 29 ліпеня ў час цырымоніі адкрыцця пачатку работ па рэканструкцыі аўтадарогі М6 Мінск-Гродна, перадае БЕЛТА.


Ян Чул Кім назваў праект самым вялікім, які рэалізоўваў Сусветны банк у Беларусі.

 

Удзел у цырымоніі прынялі намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін і першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка.

 

Кіраўнік прадстаўніцтва падкрэсліў, што беларускія падрадчыкі выйгралі конкурс у праекце, фінансуемым Сусветным банкам на будаўніцтва аўтадарогі. І беларускія падрадчыкі выступілі ў якасці генпадрадчыка. “Раней банк працаваў над мадэрнізацыяй аўтадарогі М5. Практычна 99 працэнтаў работ па яе рэканструкцыі выконвалі беларускія кампаніі”, – заўважыў Ян Чул Кім. Паводле яго слоў, беларускія кампаніі могуць адпавядаць самым высокім стандартам і патрабаванням, якія прад’яўляе Сусветны банк у сваіх праектах.

 

Пры рэалізацыі праекта па рэканструкцыі аўтадарогі М6 будуць прымяняцца самыя сучасныя тэхналогіі, якія прымяняліся пры мадэрнізацыі аўтапалатна М5, сказаў Ян Чул Кім. Напрыклад – сістэма дынамічнага ўзважвання. Яе ўстаноўка дасць магчымасць узважваць грузавы аўтатранспарт без яго спынення.

 

Рэалізацыя праекта “Мадэрнізацыя транзітнага калідора” будзе ажыццяўляцца за сродкі Сусветнага банка. Завяршыць работы плануецца ў верасні 2018 года.

 

Рэканструкцыя трасы М6 дасць магчымасць прыцягнуць інвестыцыі ў эканоміку Беларусі

 

Аб гэтым паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін у час цырымоніі адкрыцця пачатку работ.

 

“Гэта інфраструктура дасць магчымасць прыцягнуць інвестыцыі і стварыць уздоўж дарогі лагістычныя цэнтры, аб’екты прамысловай вытворчасці, сферы паслуг, надасць імпульс развіццю эканомікі”, – сказаў Анатоль Калінін.

 

Віцэ-прэм’ер асабліва падкрэсліў, што ў рэалізацыі праекта задзейнічаны беларускія праектныя і падрадныя арганізацыі. “Сёння пачалі рэалізацыю праекта з улікам пазыкі Сусветнага банка. У даволі складанай канкурэнтнай барацьбе беларусы выйгралі конкурс на права выканання работ”, – адзначыў Анатоль Калінін, падкрэсліўшы, што беларускія спецыялісты маюць высокую кампетэнцыю па рэалізацыі такіх праектаў.

 

“Гэты допуск на выкананне работ і ацэнка Сусветнага банка сведчаць аб тым, што беларусы ўмеюць будаваць, будуюць значна танней за іншыя кампаніі. І выконваюць міжнародныя патрабаванні па будаўніцтве дарог першай катэгорыі”, – заўважыў ён.

 

Дарога М6 – інфраструктурны калідор, які звяжа беларускія лагістычныя цэнтры з Еўрасаюзам. “У перспектыве – перагаворы з еўрапейскімі банкамі, каб пачаць будаўніцтва дарогі М7 – адгалінаванне ад М6 у напрамку Вільнюса. Такім чынам, наша задача – звязаць Клайпедскі порт з індустрыяльным паркам “Вялікі камень”. Гэта дасць магчымасць стварыць пэўную інфраструктуру на Шаўковым шляху”, – агучыў планы віцэ-прэм’ер.

 

Адносна тэрмінаў рэканструкцыі М6 ён заявіў: “Пабудуем гэту дарогу якасна і скараціўшы тэрміны работ. Такая задача пастаўлена кіраўніком дзяржавы і ўрадам. Работы плануецца завяршыць у верасні 2018 года”. Пры гэтым удзельнікі дарожнага руху не адчуюць складанасцей – работы будуць весціся паралельна з арганізацыяй руху.