Сем сантыментаў Сяргея Астраўца. Крытык Марына Весялуха піша пра новую кнігу гарадзенскага пісьменніка

1. «Гарадзенскасць»

 

Ёй наўмысна ці падсвядома «грашыць» ледзь не кожны беларускі пісьменнік, які нарадзіўся ці жыве ў гэтым старажытным горадзе. Думаецца, быць знітаваным лёсам з Гародняй — вялікая ўдача і крыніца натхнення для творцы. Вось і Сяргея Астраўца не абмінуў ўплыў чароўнага места. Не, тут няма правінцыйнай пакрыўджанасці, маўляў — усё жыццё ў Менску, а мы на перыферыі, абмінутыя ўвагай. У кнізе бачыцца сапраўдны гонар, сапраўдная радасць жыць і тварыць менавіта тут, блукаць старажытнымі вуліцамі, заходзіць у храмы, любавацца наднёманскімі краявідамі.

 

Хоць і нарадзіўся пісьменнік у Менску, ён доўгі час жыве і працуе ў Гародні, таму ўся кніга прасякнутая літаральна «гарадзеншчынай». Герой аднаго з твораў, таксама пісьменнік, нават адкрыта сцвярджае: «Я не без гонару паведаміў, што большасць аповедаў напісаў у горадзе з каралеўскімі каранямі, з аленем Святога Губерта на гербавым шчыце». Чытачу нельга не парадавацца за такую шчаслівую знітаванасць творцы і гораду, хоць час ад часу гучыць у тэкстах настальгія па прыгажуні Празе.

 

2. Захапленне разважаннямі

 

Знаходзячыся ў дарозе, стоячы на мяжы ці перажываючы галаўны боль, гатуючы каву ці проста гладзячы ката, героі тэкстаў з «Саргасавага мора» задаюць сабе мноства пытанняў, шукаюць адказы на самыя розныя запыты сучаснасці. І самі сабе бясконца доўга на іх адказваюць, прапаноўваюць розныя варыянты развіцця падзей, нібыта «прымерваюць» прыняцце розных рашэнняў.

 

Гэта кепска ці добра? Вырашаць чытачу, кожнаму індывідуальна. Часам і сапраўды прыемна назіраць за гэтымі разважаннямі, пагаджацца ці спрачацца з героямі ў думках. Але падчас хочацца штурхнуць героя ў бок і сказаць: хопіць разважаць, дзейнічай! Але будзьце гатовыя, не заўсёды прыслухаюцца, бо ім часта «з рэчаіснага ладу хацелася апынуцца ў метафарычным».

 

3. Нелюбоў да дыялёгаў

 

Магчыма, гэты сантымент Сяргея Астраўца лагічна вынікае з папярэдняга: пісьменніку цікавей выбудоўваць дыялогі герояў з самімі сабой, чым паміж сабой. Права аўтара, але ж чытачу хочацца разнастайнасці.

 

4. Пошук водгулля падзей мінуўшчыны ў сучаснасці

 

Гэта адзін з самых моцных бакоў кнігі. Аўтар сапраўды клапоціцца, перажывае пра тое, каб памяць пра падзеі былых стагоддзяў жыла сёння і — галоўнае — інтэрпрэтавалася і ўспрымалася адэкватна. Яго вабяць таямніцы гісторыі, ён захоплены разгадкай рэбусаў, што пакінуў нам час і папярэднія пакаленні. На старонках кнігі з’яўляюцца вобразы першадрукара, паўстанцаў Кастуся Каліноўскага і Тадэвуша Касцюшкі, а таксама царскіх генералаў, якія былі іх катамі. Пісьменнік задаецца пытаннем: чаму мы не шануем нашых слаўных ваяроў? Чаму забываемся на сваіх герояў? Чаму аддаём гучныя перамогі іншым?

 

Як, напрыклад, перамогу пад Грунвальдам у 1410 годзе, дзе воіны з беларускіх земляў смела змагаліся пад сцягам Вялікага Княства Літоўскага. Як на мяне, то апавяданне «Рэверансы», дзе апісваецца сярэднявечнае свята з рэканструкцыяй той знакавай бітвы — самае яркае ў кнізе. І не таму, што маю ўласны сантымент да Грунвальду, а таму, што тут голас аўтара гучыць сапраўды арыгінальна і дзёрзка, ён паказвае ўвесь трагі-фарсавы антураж таго дзіўнага святкавання. Як вам такія дэталі: «У табары экзатычныя рыцары з рознакаляровымі пасмамі і нават брывамі. Гэта, нечакана, свае. Але, як тлумачыць археолаг, які ўсё ведае, яны — „рускамоўныя“, і з імі не хоча сябраваць купка свядомых рыцараў, якія ўмеюць па-беларуску. Білінгвістычны канфлікт з грунвальдскай афарбоўкай». Цікава таксама: аўтар заўважае, што гэтае свята — не адзінкавае, якую б знакавую падзею ні ўзяць, «кожнага году паўтараўся адзіны дзеяцяг».

 

5-6. Прага падарожжаў і празмерная ўважлівасць да дэталяў

 

Я нездарма аб’яднала гэтыя сантыменты, бо ў апавяданнях Сяргея Астраўца яны часта ідуць поруч. Кожны, хто шмат падарожнічае, для каго паездка — не проста патрэба перамясціцца з пункта А ў пункт Б, а цэлая гісторыя, натхняльная прыгода і крыніца інфармацыі для працы, ведае: дарога — гэта наркотык. Некалькі тыдняў засядзеўся на адным месцы — апаноўвае хандра і невыносны сум. Так і героі «Саргасавага мора» проста прагнуць новых вандровак, адкрыццяў і знаёмстваў. І яны іх атрымліваюць — прафесія журналіста дазваляе. Варта падкрэсьліць, што падарожныя нататкі ў кнізе надзвычай цікавыя, са свежым поглядам і яснымі ўражаннямі. Мы з імі наведваем знакавыя мясціны Беларусі і замежжа, родавы маёнтак Тадэвуша Касцюшкі і родны Навагрудак Адама Міцкевіча, трапляем у Прагу, шпацыруем берагамі магутнага Нёмана.

 

Усё было б выдатна, каб не адно «але»: празмерная ўвага аўтара да дробязяў, настолькі драбнюткіх дэталяў, што проста стамляешся часам ад іх пераліку. Колькі кавы выпіў па дарозе, як звалі мужчыну, побач з якім сядзелі ў аўтобусе, хто напіўся «пушчанкі» і доўгія-доўгія пералікі ў падобным рэчышчы.

 

7. Дылема: пісьменніцтва ці журналістыка?

 

А вось тут аўтар задае сам сабе і чытачу глыбокае пытанне. Яно стаіць перад творцам, які імкнецца заняцца літаратурнай працай, але вымушаны зарабляць на жыццё таксама тэкстамі, але ўжо журналісцкімі. Для мінака мяжа нязначная — усё ж пісаць трэба. Але для пісьменніка, творчага чалавека паміж гэтымі тэкстамі — сапраўдная прорва. Выпрацоўваць уласны індывідуальны стыль, узбагачаць мову, што на карысць мастацкай прозе, ці штодзень «штампаваць» аднолькавыя па структуры інфармацыйныя паведамленні, што пішуцца амаль скалькаванай мовай. Быць сярод людзей, у віхурах падзей і імкнуцца як мага хутчэй данесці людзям навіны — раптам нешта важнае адбылося, ці стаіцца ва ўласным невялічкім свеце і займацца напісаннем апавяданняў?

 

Журналісты, якія маюць таксама і пісьменніцкія амбіцыі, ведаюць, як цяжка пасля мноства працоўных тэкстаў заняцца творчасцю, як уядаецца газетная мова ў свядомасць, як уплывае на плынь свядомасці і структуру думак.

 

Які шлях выбера герой — быць летуценнікам-творцам ці акулай-журналістам? І вось адказ: «Калісці хацелася забыцца на палітыку і рабіць часопіс з прозай, эсэ, зацемкамі, з дыскусіямі і падарожнымі нататкамі. Але гэта ілюзія, міраж. Няўдзел. Хай лепей штодня шукаць, знаходзіць і паведамляць навіны. Гэта лёс». Сапраўды, кожны прафесіянал мае сваю місію. І калі твая доля — пісаць актуальныя матэрыялы, уплываць на стан грамадства і развіццё краіны, то грэх выбіраць іншы лёс, хай сабе больш спакойны і бяспечны.

 

Але, думаецца, у Сяргея Астраўца выдатна атрымліваецца спалучаць журналісцкі і пісьменніцкі талент. У апавяданнях — расказваць пра свае журналісцкія прыгоды, а ў рэпартажы і інтэрвію — дадаваць прыгажосці і лірычнасці, так, як гэта ўмее рабіць толькі сапраўды таленавіты празаік.

 

svaboda.org