Беларуская чыгунка хоча скараціць час дарогі з Мінска да Гродна да 3,5 гадзін

|

БЧ працуе над скарачэннем часу ў шляху цягнікоў Мінск-Гродна, паведаміў 3 жніўня начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў, перадае БЕЛТА.


Уладзімір Марозаў быў у ліку пасажыраў, якія прыбылі з Гомеля ў Мінск на першым электрацягніку бізнес-класа InterCity. Закранаючы тэму развіцця чыгуначных зносін паміж сталіцай і абласнымі цэнтрамі, начальнік БЧ адзначыў, што ў першую чаргу неабходна працаваць па кірунку Мінск-Гродна.

 

“Па ўсіх астатніх абласных гарадах мы выходзім на час у шляху 3 гадзіны. Па Гродна з улікам асаблівасцяў дарогі мы працуем, каб была магчымасць даць час 3 гадзіны 30 хвілін – 3 гадзіны 40 хвілін”, – растлумачыў ён. Акрамя гэтага БЧ удзельнічае ў падрыхтоўчых работах да пропуску хуткасных цягнікоў “Тальго” з Масквы ў еўрапейскім кірунку, працягваецца электрыфікацыя літоўскага напрамка.

 

Паводле ацэнкі Уладзіміра Марозава, у электрацягніку InterCity створаны камфортныя ўмовы для паездкі ў любую пару года. Што тычыцца графіка руху, арганізацыі харчавання, у цэлым сэрвісу, то Беларуская чыгунка пастараецца максімальна ўлічыць меркаванне пасажыраў – для гэтага сёння і ў бліжэйшыя дні праводзіцца іх анкетаванне.

 

 

Кажучы пра тарыфы на пасажырскія перавозкі, Уладзімір Марозаў нагадаў, што яны рэгулююцца Міністэрствам эканомікі. “Набываць новы рухомы састаў з той цаной білетаў для пасажыраў, якая ёсць сёння, магчыма толькі за кошт пераразмеркавання сродкаў, атрыманых ад грузавых перавозак. Павышэнне ў будучыні магчыма менавіта з улікам новага рухомага складу, але калі гэта адбудзецца, то не ў разы, а на нейкія працэнты. Напрыклад, кошт квітка на электрацягнік InterCity складае крыху менш Br12 (120 тыс недэнамінаваных), гэта досыць даступны кошт”, – сказаў начальнік БЧ.

 

Электрацягнік InterCity распрацаваны па тэхнічным заданні БЧ для эксплуатацыі ў Беларусі ў фармаце міжрэгіянальных ліній бізнес-класа і перавозкі пасажыраў на адлегласці 300-500 км. Па словах начальніка БЧ, гэты склад каштаваў крыху больш за 10 млн еўра.

 

У складзе цягніка прадугледжана 382 месцы для сядзення, 16 з якіх аб’яднаны ў зону падвышанай камфортнасці. Дзякуючы больш прасторнаму салону ў адным з вагонаў абсталяваная шматфункцыянальная зона для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, прадугледжаны месцы для размяшчэння буйнагабарытнага багажу. Электрацягнік абсталяваны Wi-Fi.

 

На фота – цягнік InterCity. Гарадзенцы на такім пакатаюцца яшчэ не хутка, бо для гэтага трэба электрыфікаваць лінію да Мінска, а гэтага ў бліжэйшым часе не прадабачыцца.