Сметнік пад белымі крыламі: як людзі змяняюць лёс буслоў3
Змены ў паводзінах белых буслоў першымі адзначылі заходне-еўрапейскія арнітолагі. Большась буслоў з Іспаніі і Партугаліі ўжо ад канца 1980-х перастала адлятаць на зіму ў вырай. Птушкі сталі заставацца на месцах гнездавання круглы год, бо тут з’явіліся новыя магчымасці харчавання – адкрытыя сметнікі вялікіх гарадоў. І летам, і зімой грамадства спажывання гатова шчодра надзяляць птушак адходамі сваёй жыццядзейнасці.
Геаграфічна пашырэнне новых паводзінаў сярод белых буслоў ідзе з захаду на ўсход. Апошнія 4 – 5 гадоў падобную сітуацыю ужо можна назіраць і ў ваколіцах Гродна. Пра гэта расказваюць супрацоўнікі мясцовога палігона цвёрдых бытавых адходаў. “Раней тут буслоў не было, – распавядае гарадзенскі арнітолаг Дзьмітрый Вінчэўскі, – пакуль і далей на ўсход, каля Мінска, на звалках назіраюць толькі па некалькі птушак. На “гарадзенскім” жа сметніку сёлета налічваюць да трохсот буслоў адначасова.”
Большасць гэтых птушак – маладыя осабі да 4 – 5 гадоў. Яны яшчэ не гняздуюць і праводзяць каля сметнікаў большую частку часу. Даступнасць і дастатковая колькасць ежы робіць іх перспектывы выжывання больш надзейнымі. Ды і натуральных ворагаў тут няма – усё бяспечна. З іншага боку, існуе магчымасць атручвання ці захворвання птушак, бо гарантый экалагічнасці ежы са звалкі таксама ніхто не дасць.
Найбольшыя апасенні, меркаваннем Дзьмітрыя Вінчэўскага, выклікае ненатуральнасць такіх паводзінаў: “Буслы “знайшлі” новыя крыніцы харчавання і гэта напэўна прывядзе да росту папуляцыі”. Да прыкладу ў Партугаліі цягам апошніх 20 гадоў колькасцьі белых буслоў павялічыліся ў 10 разоў (да 14 тысяч птушак) і працягвае расці. Небяспека тоіцца ў тым, што з нагоды “лёгкага хлеба” птушкі могуць “развучыцца” здабываць натуральную ежу. Тады пасля ліквідацыі адкрытых звалак, якую Еўразвяз плануе правесці бліжэйшымі гадамі, птушкам ізноў прыдзецца “перавучвацца” – гэтым разам да больш складаных умоваў.
Колькі з іх зможа нанова адаптавацца пад натуральнае асяроддзе – застаецца адкрытым пытаннем. Верагодна, што пры такім развіцці падзей трэба чакаць рэзкага скарачэння буслінай папуляцыі. Тыя, што не здолеюць “па-дзедаўску” шукаць яшчарак, жабак ды дробную рыбку – загінуць.
З адлётам буслоў у вырай перспектывы таксама не ясныя. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму ўсе еўрапейскія белыя буслы былі пералётнымі птушкамі, а месцам іх міграцыі была Паўднёвая Афрыка. Зараз сітуацыя ўжо змянілася. Даследванні міжнарожнай каманды арнітолагаў ўсталявалі, што птушкі з Іспаніі, Туніса і Германіі, хаця і паляцелі на зімоўку, спыніліся нашмат бліжэй, чым звычайна, на поўначы Сахары. Буслы з Арменіі ў сярэднім праляцелі толькі каля 1000 км – канечным пунктам іх падарожжа сталі краіны Персідскага заліву. А узбекскія птушкі ўвогуле засталіся зімаваць у сваёй краіне, вакол Ташкента, і не далей, чым на 150 км ад месца нараджэння.
“Шляхі міграцыі ў птушак замацаваны на генетычным ўзроўні, – разважае Дзьмітрый Вінчэўскі, – сказаць, як адаб’юцца справакаваныя дзейнасцю чалавека змены паводзінаў на беларускіх буслах, прадказаць немагчыма – вельмі шмат невядомых у гэтай задачы”.
Дапамагчы ў развязанні пытанняў пра паводзіны і лёс беларускіх буслоў могуць назіранні, таму сёлета і беларускія арнітолагі далучыліся да міжнароднай каманды даследчыкаў.
Аднак жа падаецца, што і людзям час змяніць стаўленне да ўласнага спажывання, да утварэння і спосабаў звароту адходаў. Калі ўжо завялі мы буслоў на сметнікі, то мусім і дапамагчы ім адтуль выйсці без фатальных стратаў. Каб сімвалам пакою і дабрабыту надалей заставаўся бусел над хатаю, а не на сметніку.
Здымкі аўтаркі