Юбілей Аўгустоўскага каналу (абноўлена)
Праект пад назвай “Аўгустоўскі канал” быў падрыхтаваны ўвесну 1824 г. вядомым ваенным інжынерам Ігнацыям Прандзінскім.
Пабудова каналу павінна была зменшыць выдаткі на транзіт расейскіх тавараў да партоў на Балтыйскім моры, бо Прусія ўвяла ў 1822 годзе надзвычай вялікія пошліны на тавары, што правозіліся па Вісле і Нёмане. Падпалкоўнік Прандзінскі правёў каласальныя па аб’ёмах разведвальныя работы і тэарэтычныя даследаванні.
Актыўнае будаўніцтва канала пад кіраўніцтвам І.Прандзінскага працягвалася да 1825 года. Былі пракладзены штучныя рэчышчы, пабудаваны ўнікальныя шлюзы, масты, плаціны, паглыблены натуральныя вадаёмы, каб зрабіць іх суднаходнымі.
Кіравалі работамі ў асноўным ваенныя інжынеры, рабочых наймалі з мясцовых жыхароў. На будаўніцтве канала (разам з персаналам прадпрыемстваў, якія пастаўлялі матэрыялы) працавалі больш за 7000 чалавек.
У хуткім часе за ўдзел у Нацыянальным патрыятычным таварыстве Прандзінскі атрымаў тры гады пазбаўлення волі. Пасля вызвалення Прандзінскі аднавіў работу на канале, але быў ужо не кіраўніком, а адказным за зямельныя работы і асобныя будаўнічыя аб’екты.
За ўдзел у паўстанні 1830-1831 гг. інжынер быў зноў арыштаваны і адпраўлены на тры гады ў ссылку.
Перапыненае паўстаннем будаўніцтва Аўгустоўскага канала аднавілася пад кіраўніцтвам цывільнага інжынера Тэадора Урбанскага у 1833-м і закончылася ў 1839 годзе.
Сёння даўжыня канала складае 101,2 кіламетра.
Аўгустоўскі канал з’яўляецца адным са стратэгічным аб’екта беларускага турызму. Аднак праведзеная нядаўна Дзяржкантролем праверка эфектыўнасці выкарыстання грошай на развіццё турыстычнай інфраструктуры канала выявіла шматлікія парушэнні і недапрацоўкі ў гэтай сферы.
Па перададзенай сёння інфармацыі БЕЛТА, так і не распачалося будаўніцтва рыбацкай вёскі ў Песках, турыстычнага прытулку “Немнова”, пунктаў пракату байдарак ды катамаранаў у суседніх вёсках, спартыўна-гатэльнага комплексу ў Сонічах.Усё з-за таго, што інвестары адмовіліся ўкладаць грошы ў гэтыя праекты.
Прадпрыемства “Гродномелиоводхоз”, якое займаецца транспартнымі перавозкамі на канале, за апошнія два гады панесла страты ў памеры каля Br200 млн.
Фота: svaboda.org