Музейшчыкі дзеляцца досведам уласных інавацый
Пасля пераезду музею ў 90-я гг. з касцёла Міхаіла Арханёла ўстанова доўгі час не мела адпаведных памяшканняў для арганізацыі класічных экспазіцый. Таму і давялося шукаць новыя формы працы.
У практыцы працы музею прыжыліся тэматычныя музейна-педагагічныя заняткі, экскурсіі, вулічныя прадстаўленні, мультымедыйныя прэзентацыі, выставы аднаго прадмету.
Так, у хуткім часе жыхары і госці Ліды змогуць пазнаёміцца з адным з найбольш каштоўных музейных экспанатаў – фрагментам скандынаўскага мяча ХІ ст, знойдзенага на Лідчыне ў 1999 г.
Лідскі гісторыка-мастацкі музей быў створаны ў 1959 г. Яго фонды складаюцца з калекцый зброі, узнагарод, карцін, пудзілаў жывёлаў, прадметаў побыту, друкаваных выданняў, гістарычных дакумантаў. Агульная колькасць экспанатаў перавышае 35 тыс.
У мінулым годзе Лідскі музей быў празнаны “Установай культуры года” на Гарадзеншчыне.
– Гэта сапраўды лепшы музей у вобласці. І ў сэнсе аздаблення памяшкання і ў сэнсе прафесійнасці калектыва. Людзі тут хочуць і ўмеюць працаваць, зарабляць грошы. Да недахопаў можна аднесці толькі хіба што адсутнасць асноўнай гістарычнай экспазіцыі – выказаў “Твайму стылю” сваё меркаванне наконт музею вядомы лідскі краязнаўца і журналіст Станіслаў Суднік.
На здымку: праект афармлення экспазіцыі Лідскага гісторыка-мастацкага музэя
Фота: www.kl82.com/exhib/lida_history_full.html