Не вышэй за сто метраў: урад зацвердзіў правілы карыстання дронамі
Згодна з правіламі, авіямадэлі не падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі. Аднак іх выкарыстанне забаронена на вышыні, якая перавышае 100 метраў ад узроўню зямной або воднай паверхні.
Таксама нельга лётаць “у межах зон, забароненых для выкарыстання авіямадэлей, без узгаднення з дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), у інтарэсах якіх устаноўлены такія зоны; у выпадках, якiя вызначаюцца Службай бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Спіс зон, забароненых для палётаў, складзе Міністэрства абароны па ўзгадненні з Міністэрствам транспарту і камунікацый да 28 жніўня.
Авіямадэлі агульнай масай больш за 0,5 кілаграма падлягаюць абавязковай маркіроўцы. На прыладзе трэба пазначыць прозвішча, імя і імя па бацьку ўладальніка (калі такое маецца), адрас месца жыхарства фізічнай асобы (індывідуальнага прадпрымальніка) або назву юрыдычнай асобы і яе месца знаходжання.
Маркіроўка павінна быць разборлівай, наносіць яе павінен уладальнік прылады. Для авіямадэлей, што выкарыстоўваюцца пры правядзенні спартыўных спаборніцтваў, замест маркіроўкі можа прымяняцца спецыяльнае абазначэнне ў адпаведнасці з патрабаваннямі Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі.
Выкарыстанне авіямадэлей агульнай масай больш за 0,5 кілаграма без адпаведнай маркіроўкі авіямадэлі забаронена.
Пастанова ўступае ў сілу з 28 жніўня 2016 года. За парушэнне названага парадку будзе ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць.
“100 метраў для здымкі прыгажосцяў цалкам хапае, – распавёў 42.TUT.BY адзін мінскіх аматараў фотаздымкі з паветра. – Максімум, закладзены распрацоўшчыкам у маёй мадэлі – 500 метраў. Спакуса будзе заўсёды. А галоўнае – хто і як будзе вымяраць вышыню? Я ў сваёй праграме магу задаць максімальную вышыню палёту. Але не думаю, што за спіной кожнага аператара будзе стаяць правяраючы”.
Нагадаем, урэгуляванне выкарыстання авіямадэлей пачалося ў лютым гэтага года з прэзідэнцкага ўказу № 81. Указ удакладніў паняцце авіямадэлей і ўсталяваў права на іх выкарыстанне ў паветранай прасторы Беларусі без дазволаў органаў Адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху. Парадак выкарыстання авіямадэлей павінен быў вызначыць урад.
Згодна з каментарыем да ўказа, пад авіямадэллю разумеецца лятальны апарат без чалавека на борце, кіраванне палётам якога магчыма толькі пры ўмове візуальнага кантакту з ім, а таксама некіравальны свабодналятаючы апарат. Пад гэта вызначэнне трапляюць усе віды радыёкіраваных лятальных апаратаў – у тым ліку і мульцікоптеры, якія атрымалі шырокую папулярнасць сярод аматараў фатаграфіі з вышыні птушынага палёту.