Самавылучэнца з Гродна знялі з выбараў за незавераную копію працоўнай. Ён дайшоў да суду
Вылучаўся Штэйнвальд па Гарадзенскай-Цэнтральнай акрузе №51. Разам з ім падаваліся яшчэ шэсць чалавек, сіта рэгістрацыі прайшлі чацвёра. Прычым кандыдатамі не сталі ўсё беспартыйныя прэтэндэнты, акрамя дырэктара школы, якая, мяркуючы па ўсім, выступае кандыдатам ад улады на гэтых выбарах.
– Яны баяліся, што людзі прагаласуюць за мяне. Я непажаданы кандыдат, я ўжо восем гадоў бясплатна займаюся грамадскай дзейнасцю для людзей. Акрамя таго, што я майстар комплекснага ўчастка на АЗС “Беларуснафта”, я грамадскі інспектар па ахове працы, старшыня прафкама і прадпрымальнік, у мяне свая цырульня. Людзі падпісваліся за мяне менавіта як не за стаўленіка ўлады.
У адмове зарэгістраваць Штэйнвальда сказана, што “копіі дакументаў, якія пацвярджаюць звесткі аб месцы працы, займаемай пасадзе, ва ўстаноўленым парадку прадастаўлены не былі”.
Самавылучэнец з рашэннем не пагадзіўся: ні Выбарчы кодэкс, ні метадычныя рэкамендацыі ЦВК не патрабуюць натарыяльна завяраць копіі гэтых дакументаў, яны толькі павінны пацвярджаць месца працы.
Актывіст пайшоў са скаргай у вышэйшую, абласную камісію (АВК). Там яму расшыфравалі прычыну адмовы. Справа ў тым, што копію яго працоўнай кніжкі палічылі не заверанай належным чынам. Абласны выбаркам спаслаўся на Інструкцыю па справаводству ў дзяржорганах і арганізацыях. У яе пункце 64 (хоць выбаркам памылкова спаслаўся на пункт 4) гаворыцца, што “пры перасылцы копіі дакумента ў iншыя арганiзацыi або перадачы яе на рукі фізічнай асобе завяральны подпіс пасведчваюць пячаткай арганізацыі”.
Штэйнвальд вырашыў пайсці ў суд, лічачы такі адказ незаконным. Па-першае, у сваёй скарзе ён паказвае, што абласная камісія не толькі памылілася з пунктам інструкцыі, на якую спасылаецца, але і выкарыстоўвала састарэлую рэдакцыю дакумента. Па-другое, акруговы выбаркам не меў прэтэнзій да копіі дыплома вылучэнца, якая таксама была без пячаткі.
І нарэшце па-трэцяе, у тым жа самым 64 пункце той жа самай інструкцыі аб справаводстве, на якую спасылаецца абласны выбаркам, пунктам ніжэй сказана, што завяраць копіі дакументаў арганізацыя можа сваёй пячаткай, толькі калі яна гэтыя дакументы выдавала.
– Працоўная кніжка – мая, я яе купіў за свае грошы, яе аформілі яшчэ на мінулай працы, я проста ўзяў яе ў наймальніка і зрабіў копію. Выбаркам павінен быў усяго толькі праверыць звесткі ў ёй.
Судовае паседжанне прызначанае на пятніцу, 19 жніўня.
Усяго кандыдатамі ў дэпутаты па краіне быў зарэгістраваны 521 чалавек. Прыкладна 15 % вылучэнцаў адмовілі ў рэгістрацыі.