Абмежаванымі бываюць магчымасці, а не жыццё
Але для некаторых людзей ад стаўлення да гэтага пытання залежыць не толькі якасць жыцця, а, часам, пытанне выжывання. Ізноў я хачу звярнуць увагу на людзей, дакладней на дзяцей, з абмежаванымі магчымасцямі і на тое, што для іх робяць (ці не робяць) грамадства і дзяржава.
Даведка: У Кастрычніцкім раёне г.Гродна пражывае 866 дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, з іх 628 не наведваюць сярэднія навучальныя ўстановы і навучаюцца дома.
У 2006-2007 гадах для дзяцей-інвалідаў праводзілася рэабілітацыйная кампанія. Пры дапамозе швейцарскіх калег маленькія гродзенцы з абмежаванымі магчымасцямі пазнаёміліся з гульнятэрапіяй: была праведзена сацыялізацыя дзяцей, распрацаваны кампутарныя гульні са спецыяльнымі зручнымі клавіятурай і мышкай. Сэнс зразумелы: праз гульню, кампутар і Інтэрнэт развіваць здольнасці дзяцей, даць магчымасць кантактаваць паміж сабой, адаптавацца сярод сваіх «здаровых» адналеткаў.
А што далей? «Кампанія», яна і ёсць – кампанія. Дапамога швейцарскіх калегаў скончылася. Скончылася і праграма. Сядзім, чакаем, калі хто-небудзь дапаможа яшчэ. Дачакаліся!
У ліпені гэтага году ў Гродна быў адкрыты дзённы цэнтр Чырвонага Крыжа для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Ён быў створаны пры непасрэдным удзеле… Аўстрыйскага і Славацкага Чырвонага Крыжа. У Еўропе такія цэнтры – не рэдкасць, і іх галоўная мэта – псіхалагічная разгрузка сямей, дзе ёсць дзеці-інваліды.
Канешне, калі я паслухала высокія мэты і памкненні добрых дзядзяк, не магла не пагадзіцца з імі. Але, з другога боку…
Наколькі я зразумела, дзяцей проста пакідаюць на дзень у цэнтры, а псіхолагі ў гэты час «супакойваюць» бацькоў, ці па-іншаму – аказваюць псіхалагічную дапамогу. Ці бацькі ў гэты час проста адпачываюць: ходзяць у кіно, тэатр, дома глядзяць тэлевізар, карацей, «адпачываюць» ад сваіх дзяцей.
Як па мне, лепей гэты цэнтр ладзіў бы рэгулярныя сумесныя сустрэчы сямей з дзецьмі-інвалідамі, якія-небудзь паездкі-падарожжы, экскурсіі, сумесныя прагляды кінастужак і абавязкова ў кінатэатрах… Арганізаваў бы канцэрт (нават з удзелам саміх дзяцей) ці іншае культурнае мерапрыемства.
Я пераканана ў тым, што проста неабходна рабіць нешта сумеснае, каб бацькі і дзеці былі разам і адчувалі неабходнасць адзін у адным. А проста нейкае памяшканне, няхай нават з вельмі добрымі ўмовамі і са спецыялістамі (тым больш мы ведаем, які ўзровень нашых “спецыялістаў” за такі заробак), не вырашыць галоўнай праблемы – адчування паўнавартаснасці жыцця… Дзеці ўсё роўна ізаляваны ад грамадства.
Што тычыцца дарослых інвалідаў, то яны асабліва нікому і не патрэбны. На вуліцах іх бачыш даволі рэдка, а ў тэатры ці кіназале гэта ўвогуле неверагодна. Вядома, іх калі-некалі наведваюць валанцёры, ім аказваецца медыцынская і псіхалагічная дапамога. Лічыцца, што ўжо дарослыя, самі пераадоляць. Вось яны і пераадольваюць: аб`ядноўваюцца ў суполкі, саюзы, кантактуюць праз Інтэрнэт, сябруюць адзін з адным, абараняюць свае правы ў судзе і дамагаюцца зменаў у заканадаўстве адносна свайго становішча.
Ёсць пазітыўны прыклад Брэста, калі дарослыя інваліды вырашылі зрабіць майстэрню. І зрабілі. У майстэрні «КерамАрт» маладыя інваліды займаюцца вытворчасцю керамічных вырабаў. Унікальнае прадпрыемства працуе ўжо чатыры гады. Яго галоўная мэта – даць працу безпрацоўным інвалідам. З’явіўся і яшчэ адзін пазітыўны вынік – людзі з абмежаванымі магчымасцямі атрымалі шанец перааформіць пенсію з сацыяльнай на працоўную, якая значна вышэйшая за першую.
…Аднойчы я бачыла калі інвалід-калясачнік у не зусім прывабным стане стаяў недалёка ад крамы і прасіў міласціну. А недалёка ад яго стаяў «прыгожы» дарожны знак, які добра ўпісваўся ў сітуацыю: перакрэслены інвалід-калясачнік, як сімвал адносін грамадства да людзей з абмежаванымі магчымасцямі.