Байка пра ўсемагутнага «апазіцыянера Аляксандра»

|

Таму і гэтым разам чакаў допыту, арышту і як мінімум начы ў пастарунку. Але …супрацоўнікі КДБ правялі яго на сустрэчу з кіраўніком гарадской адміністрацыі. Чыноўнік у час мілай размовы за кавай папрасіў апазіцыянера пра дапамогу. Гаворка ішла пра тое, што мясцовыя ўлады атрымалі загад з Мінску завязаць партнёрскія стасункі з гарадамі на Захадзе. Але для гэтага патрэбныя апазіцыянеры…для гэтак мілай для вачэй еўрапейцаў дэкаратыі».

 

Такая вось гісторыя з’явілася ў апошнім нумары польскага часопісу «Newsweek». Аўтар артыкулу такім чынам пачынае матэрыял пра змены ў палітычнай эліце афіцыйнага Мінску (скарочаную версію шукай тут – http://www.newsweek.pl/artykuly/wydanie/0/minska-zmiana-warty,46140,1). Нягледзячы на тое, што гісторыя яўна ўзятая з галавы (адзіны вядомы гарадзенскі апазіцыянер (Аляксандр Мілінкевіч) катэгарычна заявіў, што не мае дачынення да гэтай гісторыі, хоць і рады быў бы паразмаўляць на гэтую тэму з гарадзенскімі ўладамі), публікацыя звяртае ўвагу на важную для гарадзенцаў акалічнасць. Іншых жа вядомых апазіцыйных дзеячоў, якія маюць такое ж імя, у горадзе няма.

 

Сапраўды, сёння горад фактычна згубіў сувязі са сваімі заходнееўрапейскімі гарадамі-пабрацімамі. Калісьці культурніцкія абмены і іншыя мерапрыемствы, арганізаваныя ў супрацоўніцтве з французскім Ліможам ці нямецкім Міндэнам ладзіліся штогод. Сёння адносіны ледзь тлеюць і абмяжоўваюцца рэдкімі школьнымі абменамі. Не нашмат актыўна развіваецца супрацоўніцтва з такімі блізкімі Беластокам (тут афіцыйным кантактам замінае сітуацыя вакол канфлікту ў Саюзе палякаў у Беларусі) і Друскенікамі. Не чуваць нічога і пра адносіны з літоўскімі Алітусам і Лаздзіяем, з якімі нядаўна таксама падпісаныя партнёрскія пагадненні.

 

У якасці партнёра на сайце гарвыканкама не фігуруе больш польскі Ўроцлаў, які ў 2005 г. перапыніў супрацу з Гродна ў сувязі з ціскам беларускіх уладаў на актывістаў Саюзу палякаў у Беларусі. У мінулым годзе ўлады Ўроцлава дэкларавалі намер узнавіць партнёрскія стасункі, але так і не дачакаліся выразнага сігналу пра гатоўнасць да гэтага з боку ўладаў Гродна.

 

Аніяк не выкарыстоўваецца пакуль і сяброўства Гродна ў Саюзе балтыйскіх гарадоў. У размове з аўтарам гэтага матэрыялу кіраўніцтва гэтай структуры (яе сядзіба месціцца ў Гданьску) шчыра здзіўляліся, чаму гарадзенскія ўлады не рэагуюць часта нават на афіцыйныя лісты, не кажучы ўжо пра ўдзел у мерапрыемствах.

 

Магчыма, з той прычыны, што «стаўка» была зробленая на «усход». За апошнія гады Гродна падпісаў партнёрскія дамовы з Дзяржынскам (Ніжагародская вобл., дэлегацыя горада днямі наведала Гродна), з гарадской акругай Хімкі Маскоўскай вобл., управай Маскоўскага раёна Шчукіна, Волагдай і Чэбаксарамі.

 

Зараз жа, у святле апошніх тэндэнцый да паляпшэння адносінаў з Еўропай, зноў актуальнымі сталі кантакты з Захадам. І тут сапраўды без «апазіцыянераў» (а калі сур’ёзна – без прадстаўнікоў мясцовых грамадскіх арганізацый, якія, як і ўлады гораду, таксама маюць сваё бачанне стратэгіяў развіцця гораду) сапраўды абыйсціся будзе цяжка. Амаль усе еўрапейскія праграмы, скіраваныя на развіццё трансмежнага супрацоўніцтва, маюць абавязковае патрабаванне партнёрства паміж мясцовымі ўладамі і грамадскімі арганізацыямі. Спробы выдаць за рэальных партнёраў уладаў арганізацыі кшталту БРСМ ці піянераў не праходзяць, бо на Захадзе добра ведаюць, што такія арганізацыі цалкам кантралююцца дзяржавай і таму не могуць прэтэндаваць на тое, каб прадстаўляць інтарэсы грамадзянскай супольнасці.

 

Таму, пры ўсёй казачнасці гісторыі з «апазіцыянерам Аляксандрам», гарадзенскія ўлады сапраўды павінны разумець патрэбу ў супрацы з гарадзенскімі грамадскімі арганізацыямі. Гэта сапраўды шанс напоўніцу скарыстаць з праграмаў трансмежнага супрацоўніцтва, наладзіць гэтак патрэбныя сувязі, якія ўрэшце будуць спрыяць росту інвестыцый у гаспадарку гораду.

 

Першы абзац артыкулу ў «Newsweek» сканчаецца тым, што «Аляксандр» адмовіўся ад супрацы, але верыць, што знойдуцца тыя, хто пойдзе «на флірт» з уладамі. Хацелася б, аднак, каб замест флірту атрымалася адкрытая дыскусія з удзелам усіх, хто сапраўды дбае пра Гродна і імідж гораду ў Еўропе.